Актыўную цікавасць па збліжэнні эканамічных пазіцый з Беларуссю выяўляе і Індыя. Наша краіна працягвае пашыраць супрацоўніцтва з дзяржавамі так званай Далёкай дугі. Міністр замежных спраў Беларусі сёння сустрэўся з намеснікам кіраўніка індыйскага МЗС. Уладзімір Макей і Суджата Мехта абмеркавалі ў ліку іншага гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, а таксама абмен візітамі на вышэйшым і высокім узроўнях. Да 2018 года краіны плануюць выйсці на мільярдны тавараабарот. Для гэтага ёсць усе перадумовы. Да прыкладу - беларуска-індыйская бізнес-канферэнцыя, якая адбылася напярэдадні ў Мінску. Госці зацікавіліся нашай фармацэўтыкай і напрацоўкамі ў сферы высокіх тэхналогій. У планах індыйскіх партнёраў - адкрыццё офіса ў Беларусі. Што дазволіць дзякуючы членству нашай краіны ў ЕАЭС весці справы ў Расіі, Казахстане, Кыргызстане і Арменіі.
Срыкумар Наір, генеральны дырэктар Канфедэрацыі індыйскай прамысловасці: "Члены нашай канфедэрацыі цікавяцца тэхналогіямі, якія ёсць у Беларусі. І ёсць такое ўражанне, што пры СССР было высокае тэхналагічнае развіццё ў Беларусі, таму яны жадаюць знайсці ноу-хау-тэхналогіі і выкарыстаць у нашых галінах, навуцы і індустрыі".
Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра замежных спраў Беларусі: "Вельмі добрыя асабістыя ўзаемадзеянні склаліся паміж кіраўнікамі краін. Як вы памятаеце, у мінулым 2015 годзе адбыўся гістарычны візіт прэзідэнта Індыі ў РБ, што дало штуршок развіццю нашых двухбаковых адносін, вывела іх на новы ўзровень. Падчас маючага адбыцца візіту ў наступным годзе нашага Прэзідэнта ў Індыю мы, я спадзяюся, зможам выйсці на яшчэ больш высокі ўзровень давернага стратэгічнага ўзаемадзеяння".
Адзначым, індыйская эканоміка - трэцяя ў свеце па аб'ёме ВУП пасля амерыканскай і кітайскай. Беларусі, апроч супрацоўніцтва ў фармацэўтычнай галіне і навуцы, гэтая краіна цікавая як рынак збыту аўтамабільнай і сельгастэхнікі, а таксама імпарцёр калійных угнаенняў.













