Да 2018 года 6% электраэнергіі Беларусі будзе выпрацоўвацца з дапамогай аднаўляльных крыніц энергіі

27 октября 2016

Новы крок да развіцця зялёнай эканомікі. Да 2018 года 6% электраэнергіі Беларусі будзе выпрацоўвацца з дапамогай аднаўляльных крыніц энергіі. Зараз у нашай краіне працуе 22 міні-ЦЭЦ на дрэўным паліве, 16 біягазавых усталёвак, амаль пяць дзясяткаў гідраэлектрастанцый, 65 ветраэнергетычных усталёвак і 31 фотаэлектрычная станцыя. Развіццё энергаэфектыўных прадпрыемстваў - не адзіны перспектыўны кірунак у Беларусі. Развіваюцца і арганічная сельская гаспадарка, і электратранспарт, і перапрацоўка адыходаў.

Наталля Жаркіна, начальнік упраўлення Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "У Беларусі ёсць, уласна кажучы, перадумовы для гэтага развіцця. У нас некалькі гадоў ужо дзейнічаюць дырэктывы па энергаэфектыўнасці, у нас шэраг праграм дзяржаўных, якія гавораць пра неабходнасць скарачэння выкарыстання энергарэсурсаў. Вельмі шчыльна мы працуем з Мінэканомікі і задзейнічаем, зважаем на сегмент малога, сярэдняга прадпрымальніцтва, развіццё якога будзе, уласна кажучы, адбівацца на развіцці ўкараненняў зялёнай эканомікі".

Зараз Мінпрыроды сумесна з Мінэканомікі і Акадэміяй навук распрацоўваюць план па далейшым развіцці зялёнай эканомікі ў Беларусі. Выконваць яго пачнуць у канцы наступнага года.