З нетраў беларускай зямлі на паверхню паднята 135-мільённая тона нафты

3 ноября 2018

Юбілейная лічба ў здабычы чорнага золата. Паводле слоў спецыялістаў, яно самай вышэйшай пробы. Знакавую падзею ўнясуць у летапіс беларускай нафтаздабычы. А частка мільённай партыі зойме месца ў адным з музеяў Беларусі. Але перш у руках яе патрымала Ганна Кавалёва.

Рэчыцкае радовішча нафты - гігант сярод іншых адкрытых у Беларусі. Што называецца, пампуюць тут круглымі суткамі. Адсюль і пачыналася гісторыя нафтаздабычы Беларусі.

Пласты нафты знаходзяцца прама пад маімі нагамі, прыкладна на 3-кіламетровай глыбіні. Літаральна на днях удалося падняць адтуль 135-мільённую тону чорнага золата. Частку юбілейнай партыі адправяць у музей Беларуснафты.

Каб дасягнуць такой планкі, спатрэбілася больш за паўстагоддзя. У жніўні 1964-га атрымалі першыя кроплі беларускага чорнага золата. Далей была вялікая будоўля свідравін для маштабнага нафтапромысла. І гэта прытым, што на той момант спецыяльнай арганізацыі, якая б знаходзіла і здабывала нафту ў прамысловых маштабах, у Беларусі яшчэ не было. З'явілася яна ў 1966-м, а праз год нафтавікі здабылі ўжо першы мільён тон чорнага золата.

За ўсю гісторыю ў нашай краіне было адкрыта 87 радовішчаў. 65 з іх - зараз актыўныя. За суткі прыносяць 4 тысячы тон нафты. План на гэты год - здабыць 1 мільён 670 тысяч тон. У наступным годзе, абяцаюць, планка не знізіцца.

Калі раней бурылі па 6-7 кіламетраў за год, то цяпер у 3-4 разы больш. Вынік - большая колькасць разведаных радовішчаў. Вядома, усе буйныя адкрыты ўжо даўно. На чарзе засталіся дробныя і сярэднія з запасамі да 500 тысяч тон. Але дзякуючы ім і ўдаецца не толькі ўтрымліваць аб'ёмы здабычы на стабільным узроўні, але і будаваць планы па іх павелічэнні. Так, зараз нафтавікі зрабілі зачын на тое, каб у найбліжэйшыя гады павялічыць гадавую лічбу яшчэ на 15 тысяч.