Асноўная падзея дня - беларуска-пакістанскі бізнес-форум, які Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф адкрылі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Новыя праекты на дзясяткі мільёнаў долараў і пераход ад простага гандлю да вытворчай кааперацыі - такія вынікі сустрэчы прадстаўнікоў дзелавых колаў дзвюх краін. Сёння ж Наваза Шарыфа прымалі ў беларускім урадзе. Ужо ў кастрычніку плануецца ўзгадніць праект дарожнай карты развіцця адносін Беларусі і Пакістана. Таксама сёння за вялікі асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё ўсебаковых дружалюбных беларуска-пакістанскіх адносін Наваз Шарыф быў удастоены дыплома ганаровага прафесара БДУ. Пра ўсё па парадку Ілона Красуцкая.
Бабруйскія робаты працуюць на пакістанскі рынак ужо амаль 5 гадоў. Першая мадэль "Беларус-311". Гэты міні-трактар і яшчэ паўтысячы двайнят першымі прайшлі тэст-драйв у горадзе Карачы. Сёння малагабарытныя трактары з Беларусі - гэта ўжо трэнд пакістанскага аграбізнесу.
Васіль Царык, намеснік начальніка ўпраўлення маркетынгу і збыту ААТ "Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў": "За мінулы год мы паставілі ў Пакістан сваёй прадукцыі амаль на 600 тысяч долараў. Калі браць да 2013 года, то ў нас быў рост каля 106%. Калі глядзець на перспектыву, то запланавана пасоўванне малагабарытных трактароў нашай вытворчасці на пакістанскі рынак".
Гісторыя беларуска-пакістанскага "трактарнага" сяброўства бярэ пачатак яшчэ ў 1962 годзе. За 50 з невялікім гадоў пакістанскую прапіску атрымалі амаль 140 тысяч розных мадэляў трактароў брэнда МТЗ. Сёлета прадпрыемства плануе на траціну павялічыць продаж трактароў у Пакістане. Абноўленая лічба - 4 тысячы адзінак.
Ужо на працягу тыдня разам з беларускімі калегамі ў Мінску працуе вялікая дэлегацыя Пакістана. Дзелавым колам абедзвюх краін не прыйшлося пачынаць з чыстага ліста, бо даволі сур'ёзны падмурак для актывізацыі адносін падрыхтавалі яшчэ два месяцы таму ў Ісламабадзе. Тады бакі заключылі кантракты на 50 мільёнаў долараў. А ўжо сёння на бізнес-форуме ў Мінску гэтая лічба атрымала важкі дадатак.
Нацыянальная бібліятэка. Алмаз ведаў і адзін з самых вядомых сімвалаў Беларусі стаў па-сапраўднаму сімвалам будучага эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Мінск упершыню прымае такую прадстаўнічую дэлегацыю. Тут топ-менеджары чатырох дзясяткаў пакістанскіх кампаній. Моцныя поціскі рукі, усмешкі пры сустрэчы - відавочна многія бізнесмены ўжо знаёмыя. Актыўна заводзяць і новыя кантакты. Яшчэ ў кулуарах дамаўляліся пасля форуму сустрэцца ў фармаце B2B сам-насам і без прэсы.
За апошнія восем гадоў аб'ём гандлю паміж Беларуссю і Пакістанам вагаўся ў межах ад 50 да 120 мільёнаў долараў за год. Між тым краіны бачаць сур'ёзныя перспектывы ў нарошчванні двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. І перш за ўсё за кошт экспарту беларускай прамысловай прадукцыі па шырокім спектры найменняў. Афіцыйныя Мінск і Ісламабад хочуць узяць новую планку - жаданы тавараабарот 1 мільярд долараў.
Пакістан - гэта шостая па колькасці краіна ў свеце. Прыкладна 45% яе грамадзян занятыя ў аграрным сектары. Пастаянны рост насельніцтва і попыту на харчаванне вымушае ўрад стымуляваць развіццё сельскай гаспадаркі. Гэты перспектыўны рынак па ёмістасці як увесь еўразійскі. Калі дадаць яшчэ і суседзяў - Кітай, Іран, Афганістан і Індыю, то выходзіць сапраўдны азіяцкі плацдарм. На ім і трэба замацавацца беларускім экспарцёрам.
Чым цікавы Беларусі Пакістан? Мы прапануем ісламскай рэспубліцы развіваць прамысловы патэнцыял. Першы крок ужо зрабіў МТЗ, адкрыўшы ў Карачы зборачную вытворчасць. Гатовыя запусціць свае лініі Амкадор і МАЗ. Чакаецца, што восенню пачнуцца пастаўкі першых машынакамплектаў. Яшчэ адна галіна, дзе ёсць узаемная цікавасць, - гэта лёгкая прамысловасць. Пакістан - адзін з сусветных лідараў па вытворчасці бавоўны. Для мадэрнізаваных актываў Беллёгпрама гэта сапраўдная скарбніца недарагой сыравіны. Акрамя тэхнікі і калію, Пакістану патрэбныя тэхналогіі: вырошчванне гародніны, яе захоўванне, вытворчасць малочнай прадукцыі, развіццё жывёлагадоўлі. А таму аснова экспарту, што называецца, ад зямлі: садавіна, рыс і, безумоўна, тэкстыль.
На сустрэчу да бізнесменаў сёння прыйшлі Кіраўнік беларускай дзяржавы і прэм'ер-міністр Пакістана. У холе буйныя кампаніі абедзвюх краін дэманструюць свае дасягненні. Сярод іх і гігант беларускай прамысловасці - БелАЗ.
Жаданне высокага госця - закон. Ужо заўтра раніцай Наваза Шарыфа чакаюць у Жодзіне. Пакажуць прэм'еру і легендарны 450-тоннік - новы рэкорд Кнігі рэкордаў Гінеса. Што да аб'ёмаў паставак кар'ернай тэхнікі ў Пакістан, то і тут новыя рэкорды непазбежныя.
У зале Кіраўніка беларускай дзяржавы і прэм'ер-міністра Пакістана вітаюць прадстаўнікі дзясяткаў кампаній: ад нафтахіміі да лёгкай прамысловасці. Ім ёсць што абмеркаваць, бо Беларусь і Пакістан выходзяць на новы этап адносін. Палітыкі нібы далі сігнал бізнесу: падтрымку на ўзроўні дзяржавы і заахвочванне ўзаемавыгадных ініцыятыў яны атрымаюць заўсёды.
Напярэдадні ў Палацы Незалежнасці палітыкі дамовіліся падрыхтаваць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва. Дакумент на доўгатэрміновую перспектыву. І ўжо сёння гаворка ішла наконт канкрэтных прапаноў. У Пакістане з'явяцца сумесныя прадпрыемствы па зборцы беларускай тэхнікі, ёсць праект і ў сферы лёгкай прамысловасці. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка запрасіў дзелавыя колы ісламскай рэспублікі ў перспектыве размяшчаць свае вытворчасці на тэрыторыі індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
Наваз Шарыф, Прэм'ер-міністр Пакістана: "Я ўпэўнены: гэты форум адкрые шырокія перспектывы для ўвасаблення шэрагу знакавых ініцыятыў і ўмацавання сувязяў. Нашы краіны маюць стратэгічнае геаразмяшчэнне, багатыя на чалавечыя і матэрыяльныя рэсурсы. Не сумняваюся, што наша супрацоўніцтва ў перспектыве прынясе эканамічны дабрабыт абодвум народам".
Сёння ў Ісламабадзе плюс 35. Мінск сустрэў гасцей гарачым надвор'ем. Камфортным аказаўся і бізнес-клімат. Перамовы выйшлі плённымі. Па выніках форуму падпісаныя беларуска-пакістанскія пагадненні на ??? дзясяткі мільёнаў долараў. Пасля завяршэння афіцыйнай часткі бізнес-форуму пакістанскага калегу чакаў Андрэй Кабякоў.
Беларускі прэм'ер суправаджаў Наваза Шарыфа пры наведванні МТЗ. Дарэчы, уладальнікамі нашых трактароў, як правіла, становяцца не толькі аграрыі, але і шэраг міжнародных персон. Сярод іх уплывовы і аўтарытэтны палітык - пакістанскі прэм'ер.
Падчас майскай сустрэчы ў Ісламабадзе Кіраўнік беларускай дзяржавы ўручыў яму сертыфікат на трактар "Беларус", сабраны ў Пакістане.
Уладзімір Макаранка, першы намеснік генеральнага дырэктара, маркетынг-дырэктар МТЗ: "Перспектыва - гэта 2016-2017 год. У прынцыпе мы хочам заняць нішу дзесьці 10% ад агульнага аб'ёму штогадовых паставак на рынак Пакістана".
Затым пераезд у будынак беларускага ўрада. За сталом перамоў Андрэй Кабякоў і Наваз Шарыф абмеркавалі нюансы будучых праектаў.
У перспектыве бачыцца нават стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці дывановых вырабаў з пакістанскай сыравіны на нашых плошчах.
Наваз Шарыф, Прэм'ер-міністр Пакістана: "Я хацеў бы падзякаваць беларускаму боку за канкрэтныя прапановы. Я на 100 працэнтаў згодны з вашым падыходам. Гэта датычыцца і ідэі распрацоўкі дарожнай карты, і тэрмінаў рэалізацыі нашых сумесных праектаў. Я даручыў міністрам ушчыльную заняцца гэтай работай".
Пешая экскурсія па Доме ўрада і яшчэ адна сустрэча. Развіццё міжпарламенцкага дыялогу - гэтая тэма стала ключавой падчас гутаркі са спікерамі абедзвюх палат беларускага парламента.
Уладзімір Андрэйчанка, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі: "У нашых краін шмат агульных інтарэсаў, што абумоўлівае падабенства пазіцый у тым ліку і па міжнародным парадку дня. Узаемадзеянне Беларусі і Пакістана ў рамках ААН носіць узважаны, канструктыўны характар. Мы разам выступаем супраць выкарыстання праваабарончай тэматыкі ў якасці інструмента палітычнага націску на суверэнныя дзяржавы".
Наваз Шарыф сёння меў зносіны не толькі з высокапастаўленымі чыноўнікамі і палітыкамі. Прымерыў і новае для сябе амплуа. У якасці лектара выступіў перад студэнтамі і выкладчыкамі Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, не выключана, што пакістанскі прэм'ер стане за кафедру яшчэ раз. Наваз Шарыф з гэтага часу ганаровы прафесар БДУ.
Сапраўдная каштоўнасць суверэнітэту знаёмая Пакістану роўна як і Беларусі. Ісламская рэспубліка імкнецца нагнаць упушчаны за ваенныя канфлікты час. Каб дасягнуць прагрэсу ў розных сферах, краіне яшчэ трэба прыкласці нямала намаганняў. Але самае галоўнае, што побач ёсць партнёры, гатовыя ў любы момант падставіць плячо. Зараз у Пакістане дакладна ведаюць: сярод іх і Беларусь.
Восенню 2014-га ў Ісламабадзе адкрылася беларускае пасольства. Сёлета з'явіцца і дыппрадстаўніцтва ў Мінску. Відавочна прасоўваць інтарэсы беларуска-пакістанскі кампаній і вытворцаў стане прасцей. 200-мільённы ёмісты і растучы рынак Пакістана - рынак, якому патрэбныя тэхніка, тэхналогіі, вытворчасці, шырока расчыніў свае дзверы для Беларусі, надзейнага партнёра, які гарантуе выкананне дадзеных абяцанняў.