Лячэбны корань паспяховага вядзення бізнесу

15 октября 2015

Лячэбны корань паспяховага вядзення бізнесу або як лекавая расліна, якую нарыхтоўваюць у адзінай у Беларусі гаспадарцы, прыносіць прыбытак не толькі для самога СВК, але і для мясцовых жыхароў. Размова пра корань валяр'яну. Яго выкопванне і перапрацоўка даволі своеасаблівы, калі не сказаць унікальны працэс. Корань капаюць як бульбу, мыюць і сушаць некалькі сутак. Далей вытворчы працэс на фармпрадпрыемствах. На выхадзе - высокая канкурэнтаздольнасць пры невысокім кошце. Сакрэтам поспеху цікавіўся Дзмітрый Смірноў.

Гэты лячэбны корань тут, у Вялікім Мажэйкаве, капаюць літаральна як бульбу. Пераабсталяваныя спецыяльна пад уборку валяр'яну машыны за некалькі дзён убяруць плошчу ў 18 гектараў. Дарэчы, нарыхтоўкай займаюцца мясцовыя жыхары - свайго роду эканамічны сімбіёз прадпрыемства і работнікаў. СВК толькі забяспечвае неабходнай тэхнікай.

Але ўборка ў полі - толькі частка працэсу. Характэрны водар валяр'ян раскрывае як раз падчас мыцця. Дарэчы, мясцовыя жыхары прызнаюцца, што жывёлы ў акрузе ў кастрычніку - падчас нарыхтоўкі кораня - паводзяць сябе неверагодна спакойна. А вось каты настолькі прызвычаіліся, што ўжо перасталі рэагаваць на пах.

Перад тым як корань валяр'яну адправяць на сушку, яго неабходна некалькі разоў узмоцнена прамыць. Па сутнасці, уся гэтая прылада нагадвае вялікую пральную машыну.

Для гэтай працэдуры ідэальна падыходзіць праточная вада. Канструкцыю зманціравалі спецыяльна на мясцовым возеры. На выхадзе валяр'ян амаль белага колеру.

Пасля сушкі літаральна праз некалькі дзён карані трапляюць на медыцынскія заводы. А далей у беларускія аптэкі.

Надзея Хаперская, загадчыца аптэкі № 36 г. Гродна: "Уся лекавая раслінная сыравіна, якое паступае ў аптэкі Беларусі і, у прыватнасці, у Гродзенскую вобласць, праходзіць выпрабаванні ў акрэдытаваных лабараторыях. Гэта натуральна, што ў Беларусі беларускі валяр'ян. У нас пяць заводаў, якія перапрацоўваюць і вырабляюць лекавую раслінную сыравіну. Таму ў нас поўны асартымент і, зразумела, цэнавая даступнасць".

Важная эканамічная прапорцыя - даступнасць цаны ў аптэцы зусім не значыць фінансавы мінус для першапачатковага вытворцы. Сёлета лекавы бізнес Шчучынскага СВК склаў 8% рэнтабельнасці.

Юрый Бяляўскі, старшыня СВК "Вялікае Мажэйкава": "Актыўна працуем з Расіяй. Сёлета ў нас ужо былі адгрузкі лекавай сыравіны на Латвію. Попыт у былых краінах СНД ёсць".

У Мажэйкаве асартымент травы думаюць пашыраць. Шчучынскія лекавыя палі становяцца ўсё цікавейшымі для Украіны і Малдовы. Тут не выключаюць, што на мясцовых плантацыях могуць пасадзіць і больш экзатычныя травы.