"Выпрабавана на сяле" . Норкавыя футры

7 февраля 2018

Яркі прыклад паспяховай мадэлі і прагматычнага падыходу ў сферы аграпрамысловага комплексу на сяле - зверагаспадарка ў аграгарадку Верцялішкі. Развядзенне норкі тут не толькі пакрывае ўласныя выдаткі, але і пашырае геаграфію замежных рынкаў для гаспадаркі. Як разводзяць беларускую норку, хто з Туманнага Альбіёна едзе ў аграгарадок за эксклюзіўным футрам - у нашай рубрыцы "Выпрабавана на сяле".

Гэта адна з самых буйных звераферм у Беларусі, дзе разводзяць норку. Зараз тут тры пароды - ад сінявата-чорнага сканблэка да мяккага браўна. Пачыналася ўсё ў канцы 80-х гадоў. Тады старшыня СВК Аляксандр Дубко запусціў футравы праект і ў Верцялішкі завезлі 2 000 норак. Цяжка паверыць, але персанал зверафермы - гэта ўсяго 8 чалавек.

Зараз у зверагаспадарцы больш за 8 000 асобін норкі. Аднак ужо гэтай вясной пасля так званага перыяду размнажэння пагалоўе павялічыцца амаль да 40 000. Кожнаму работніку прыйдзецца даглядаць амаль 3 000 гэтых драпежнікаў.

Тут цэнаўтварэнне і бізнес-планы будуюцца вакол футра. Больш дакладна - яго даўжыні і тэндэнцый на подыуме. Апошнія некалькі гадоў у модзе кароткашэрсная норка, вытворцы шукаюць на біржах менавіта такую сыравіну. Адпаведна, падстройваюцца пад трэнд і ў Верцялішках.

Усяго ў Беларусі пушнінай займаюцца 8 зверагаспадарак. І асноўнае пагалоўе гэтых драпежнікаў зараз - каля 140 000 асобін. Апошнія два гады менеджары адкрылі новы вектар прыбытковасці - экспарт не толькі футра, напрыклад, на міжнародны аўкцыён у Хельсінкі, але і маладняка норкі. Патэнцыял можа аказацца шырокім.

Выгадаваць некалькі тысяч норак, апрацаваць футра і знайсці пакупніка - справа выдатковая. І ўсё ж рэнтабельнасць футравага бізнесу высокая. Самыя сур'ёзныя дывідэнды дасягалі 2.5 мільёна долараў.

Гэтыя 90 % экспарту на ўсход тлумачацца дэфіцытам норкі ў суседзяў. У Расіі штогод вырабляюць каля 3 мільёнаў шкурак, але попыт вялікі. Каб задаволіць патрэбнасці, напрыклад, у тых жа футрах, расійскім пушным кампаніям трэба дакупляць якасны мех. За ўвесь час, а гэта больш за 20 гадоў, у Верцялішак не было ні аднаго вяртання прадукцыі.

Але беларускае футра - не толькі экспартная сыравіна. Бізнес-план значна шырэйшы. У Верцялішках працуе эксклюзіўнае атэлье - заказы, у тым ліку зараз ужо і праз сацыяльныя сеткі, у аграгарадок прыходзяць з Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Ала Клімук, загадчыца цэха пашыву футравых вырабаў СВК "Прагрэс-Верцялішкі": "У нас вельмі вялікая кліенцкая база - у нас на пашыў каля 135 чалавек. Гэта на цэлы год наперад. Да нас прыязджаюць і з Лондана, з Філадэльфіі, з Познані, з Пецярбурга, з Расіі, з краін СНД".

Сярод пакупнікоў гэтых норкавых амаль твораў мастацтва - зоркі, палітыкі і моднікі з шматлікіх краін. Але ўсю працу параўнальна невялікай вытворчасці выконваюць мясцовыя жыхары. Футры тут не проста шыюць, хутчэй, ствараюць.

Цану ў футравай індустрыі цалкам фарміруе рынак. Усе апошнія гады норка з Верцялішак знаходзіла да яго падыход, пры гэтым пашыраючы геаграфію продажаў і заваёўваючы аўтарытэт модных дамоў.