Іпатэка за адзін дзень для фізічных асоб

14 февраля 2018

Іпатэка за адзін дзень для фізічных асоб і спрашчэнне афармлення дакументаў для юрыдычных. Сёння ў Мінску адкрыўся яшчэ адзін цэнтр іпатэчнага крэдытавання. Ужо з другога паўгоддзя юрасобы змогуць заключаць крэдытны дагавор пад залог нерухомасці, не звяртаючыся ў агенцтвы па дзяржрэгістрацыі. Банкі пачнуць працаваць з імі напрамую, і гэта паскорыць час афармлення папер. Нашаму тэлеканалу паведаміў пра гэта старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў. Ён таксама падкрэсліў, што за мінулы год было заключана больш чым 50 тысяч дагавораў пад залог нерухомасці. Асаблівы акцэнт у новым цэнтры будзе зроблены на крэдытаванне фізасоб у рамках Указа Прэзідэнта "Аб дзяржпадтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылля". На фінансаванне прадугледжваецца накіраваць 95 мільёнаў рублёў.

Андрэй Гаеў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі: "Прынята рашэнне, робяцца неабходныя арганізацыйныя моманты зараз. І з другога паўгоддзя будзе дадзена магчымасць юрасобам, якія заключалі крэдытныя дагаворы пад залог нерухомасці, не звяртацца ў агенцтва па дзяржрэгістрацыі, а ўсё можа быць зарэгістравана па зваротах банкаў у агенцтвы. Такім чынам кліент прыйдзе ў крэдытную ўстанову і вырашыць у комплексе ўсе свае пытанні. У тым ліку звязаныя з іпатэкай і нерухомасцю".

Як вынік стабільнасці на фінансавым рынку - стаўка рэфінансавання ў Беларусі працягвае зніжацца. З сённяшняга дня яна страчвае 0,5 пункта і зараз складае 10,5 % гадавых. Нагадаем, за мінулы год стаўка зніжалася 8 разоў. У 2018-м гэта першае змяненне індыкатара ў бок памяншэння.