Інавацыі - галоўная тэма другога дня выставы MILEX-2019

16 мая 2019

Важкі ўклад у развіццё эканомікі ўносіць і наш ваенна-прамысловы комплекс - экспарт летась перавысіў мільярд долараў. Свае навінкі распрацоўшчыкі прэзентуюць на выставе MILEX. Сёння (у другі дзень) галоўная тэма - інавацыі. У распрацоўцы інтэлектуальных сістэм наш ВПК імкнецца ісці на апярэджанне. Таму прыклад і сістэма "Альянс", якой у журналісцкіх колах ужо далі мянушку "Скайнет". Яна дазваляе камандзіру не толькі бачыць сітуацыю, але пралічваць і кіраваць падраздзяленнямі, а таксама бачыць усіх сваіх байцоў - іх фізічны стан і нават запас патронаў. Аб лічбавізацыі ваенпрама - больш падрабязна Аляксандр Камовіч

Другі дзень выставы ўзбраення і ваеннай тэхнікі MILEX-2019 праходзіць у адкрытым рэжыме. Любы ахвочы можа набыць сюды білет і прайсціся па экспазіцыях форуму. Галоўны бонус выставы - гэта тое, што ўсе стэнды інтэрактыўныя. Гэта значыць, можна не проста ўбачыць узоры, але і дакрануцца!

Нягледзячы на ўсю паказальнасць выставы, арганізатары адзначаюць, што MILEX - гэта больш прафесійны форум. Менавіта тут заключаюцца сур'ёзныя кантракты на шматлікія мільёны долараў. Зрэшты, хто сказаў, што ваенная тэхніка не можа быць пададзеная арыгінальна?

Сёння карт-бланш у беларускіх вытворцаў - спецыяльныя прэзентацыі для замежных гасцей і журналістаў ля стэнда кампаніі "БелТэхЭкспарт". Профіль у вытворцы самы шырокі - ад стралковай зброі да беспілотнікаў. Пры гэтым больш як 90% складальніка ўсёй прадукцыі - айчыннай вытворчасці. 

Адзначым, што распрацоўкай беспілотнікаў сёння займаюцца шматлікія кампаніі. Канкурэнцыя найсур'ёзнейшая. Таму паралельна кампаніі распрацоўваюць і шэраг спадарожных гаджатаў і ўзбраенняў. Завод дакладнай электрамеханікі пайшоў яшчэ далей - іх дроны-камікадзэ здольныя несці на сабе РПГ, мішэні, гранаты і нават бомбы. Зрэшты, гэта толькі малая частка экспазіцыі.

Магутныя "Волаты" - нібы персанажы аднайменных міфаў славян. Гэтыя машыны Мінскага завода колавых цягачоў з кожным годам папаўняюць лінейку транспарту як у нашых узброеных сілах, так і замежных партнёраў. Апошняя навінка - аўтацягнік з вялікай грузападымальнасцю. Кантракт з адной з блізкаўсходніх краін на гэтую махіну ўжо падпісаны.

Андрэй Ячнік, першы намеснік галоўнага канструктара ААТ "МЗКЦ": "Мы выйгралі тэндар сярод Mercedes, MAN, Tatra. Яны выбралі нашу кампанію. Унікальнасць складаецца ў тым, што ён можа перавозіць 3 адзінкі тэхнікі: гэта 2 танкі або 2 БМП і танк, яго грузападымальнасць 136 тон. Ён можа рухацца і па дарозе, і па пяску".

Галоўным партнёрам нашага ваенна-прамысловага комплексу застаецца Расія. Аб'ём супрацоўніцтва ў ваеннай сферы паміж дзвюма краінамі перавышае 600 мільёнаў долараў на год. У гэтыя дні на пляцоўцы MILEX сумесныя праекты абмяркоўваюцца нашымі краінамі і ў рамках супрацоўніцтва АДКБ. 

Валерый Семерыкоў, в. а. генеральнага сакратара АДКБ: "Самае галоўнае, вядома, на сённяшні дзень - гэта ўдзел нашых прадпрыемстваў у сістэме абароннага заказу. Гэта залежыць шмат ад імплементацыі тых рашэнняў, якія прынятыя нашымі дзяржавамі. Ад імплементацыі іх на нацыянальным узроўні, на ўнутрыдзяржаўнай нарматыўнай базе".

Характэрна, што пытанні абароннага комплексу паміж краінамі як раз вырашаюцца на выставах MILEX. Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што форум у Мінску ўжо даўно стаў буйной пляцоўкай для падобных перамоў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Гэта чарговы раз паказвае, што Беларусь гатовая вырашаць пытанні ў самых розных сферах на сусветным узроўні.