Інданезія зацікаўлена ў цесным супрацоўніцтве з Беларуссю

26 ноября 2014
Гэта датычыцца сфер турызму, адукацыі, раслінаводства і рыбалоўнай прамысловасці. Аб гэтым у Брэсце заявілі прадстаўнікі пяцімільённай правінцыі Заходняя Суматра. Дэлегацыя з астраўной дзяржавы сустрэлася з кіраўніцтвам вобласці. Беларусы больш імпартуюць з Інданезіі, чым прадаюць у гэтую краіну. У асноўным гэта тэкстыль і мэблевая фурнітура.

Масрул Зайн, старшыня рэгіянальнага савета па інвестыцыях правінцыі Заходняя Суматра: "Мы хацелі б супрацоўнічаць у сферы развітых тэхналогій, у сферы турызму. Напрыклад, вельмі зацікаўленыя ў будаўніцтве трэкавай канатнай дарогі з прыцягненнем інвестыцый. Магчыма супрацоўніцтва ў вытворчасці какава-бабоў. У нас вялікія плантацыі гэтай культуры, але няма перапрацоўкі".

Дэлегацыя з Інданезіі пазнаёмілася са свабоднай эканамічнай зонай "Брэст". У прыватнасці, з найбуйнейшым прадпрыемствам краіны па перапрацоўцы морапрадуктаў. Асаблівую цікавасць прадстаўнікі Заходняй Суматры выказалі да Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. У будучыні, магчыма, тут будуць вучыцца студэнты з Інданезіі.