Індыя хоча падпісаць дагавор аб зоне вольнага гандлю з Мытным саюзам

13 августа 2014
Пра гэта сёння журналістам заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў нашай краіне. Паводле яго слоў, абмеркаванні гэтага дакумента ідуць адначасова з кожнай з трох краін.

Толькі за 5 месяцаў гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і Індыяй перавысіў 151 мільён долараў. Наша краіна экспартуе цяжкую тэхніку, угнаенні на рынак Індыі. У Беларусь жа пастаўляюцца лекі, гарбата, вострыя прыправы і арэхі. Як адзначыў індыйскі пасол, краіна таксама зацікаўленая ў сумесных праектах у сферы сонечнай энергетыкі і турызму.


Манодж Кумар Бхарці, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі: Новы ўрад Індыі асабліва акцэнтуе сваю ўвагу на эканамічным развіцці краіны. Беларусь мае высокаразвітую прамысловасць, навуковыя тэхналогіі. Беларуская калійная соль мае вялікае значэнне для сельскай гаспадаркі Індыі. Асноўная частка нашага валавога ўнутранага прадукту - гэта прыбыткі менавіта ад сельскагаспадарчай галіны. Індыя мае намер працягваць супрацоўніцтва з Беларуссю ў гэтай сферы.


15 жніўня Індыя адсвяткуе Дзень незалежнасці. Да гэтай даты прымеркаваны фестываль індыйскай культуры. У сталічным парку імя Горкага кожны ахвотнік 16 жніўня зможа пакаштаваць індыйскую кухню і атрымаць майстар-клас па танцах і ёзе.