Індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі змогуць самастойна выбіраць рэжым падаткаабкладання

2 августа 2018

Індывідуальныя прадпрымальнікі ў Беларусі з наступнага года змогуць самастойна выбіраць рэжым падаткаабкладання: агульную сістэму, спрошчаную альбо адзіны падатак. Зараз ідзе праца над абноўленай рэдакцыяй Падатковага кодэкса. Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне. Асноўная ўвага - паніжэнню фіскальнай нагрузкі на прадпрыемствы, спрашчэнне збірання і вылічэння падаткаў. Змяняюцца падыходы і да запазычанасці плацяжоў. Падатковая не будзе адразу прыпыняць вытворчасць, а дасць шанц з адтэрміноўкай пагасіць даўгі.

Эла Сяліцкая, намміністра па падатках і зборах Беларусі: "Перагледжаны парадак заліку, вяртання падаткаў, улічваючы, што ў 7 Дэкрэце тэрмін правядзення і праверак абмежаваны 5 гадамі, то ў законапраекце прадугледжваецца вяртанне (залік) залішне выплачаных, залішне спагнаных падаткаў за 5-гадовы перыяд, а не за 3 гады, як гэта дзейнічае на сённяшні дзень. Прытым прадугледжаны парадак, новы, удасканалены, па абскарджанні рашэнняў падатковых органаў, калі яны правялі праверку. З наступнага года мы прапаноўваем на выбар вызначыць орган, куды ён падасць скаргу. І калі ў яго будзе жаданне падаць скаргу непасрэдна ў міністэрства, мы іх будзем разглядаць".

Ацэньваць эфектыўнасць падатковых ільгот у Беларусі прапаноўваецца кожныя тры гады. Размова ідзе пра сацыяльныя, сістэмныя і стымулюючыя прэферэнцыі.