Гродзенскі шклозавод укладзе ў мадэрнізацыю мільён долараў

7 марта 2018

Інвестыцыі дадуць расійскія партнёры. Пагадненне аб супрацоўніцтве сёння падпісана ў Мінску. Зараз на прадпрыемстве ў асноўным вырабляюць шкляныя бутэлькі. Да прыкладу, брэндавыя шампанскія віны ў Літве разліваюцца менавіта ў гродзенскае шкло. Грошы фундатара накіруюць на абнаўленне лініі па вытворчасці шкла ўзорыстага - яно зноў у дызайнерскай і архітэктурнай модзе. Аб новых дамоўленасцях - рэпартаж Веранікі Буты.

На Гродзенскім шклозаводзе вялікі вопыт выпуску менавіта ўзорыстага шкла - тры дзесяцігоддзі. 10 гадоў таму прадпрыемства ўжо мадэрнізавалі італьянцы, але рынак павёў сябе нестабільна - мода на шкло ў кватэрах састарэла. Плюс украінскія канкурэнты штучна знізілі цэны. У выніку печ два гады таму спынілі. Менавіта на яе перазапуск пойдзе першы транш расійскіх інвестыцый.

Для фундатара гарантаваныя бесперабойныя пастаўкі якаснай прадукцыі па канкурэнтных цэнах. Для завода - каля 40 новых працоўных месцаў і пастаянныя заказы мінімум на найбліжэйшыя чатыры гады.

Для краіны - магчымасць замяніць польскае і ўкраінскае шкло на беларускае. Перспектывы бачыць кожны з бакоў.

Кампанія-фундатар - лідар па вытворчасці акрылавых ванн і душавых кабін у Расіі. Жадаюць выкарыстаць наша шкло. Перспектывы кантракта абмеркавалі сёння ў Мінску. У Беларусь свае грошы (а гэта мільён долараў) укладваюць упершыню, гавораць, хвалявання няма, з нашым рынкам знаёмыя добра: тры гады ішлі да падпісання гэтага кантракта. Будучыя партнёры пазнаёміліся на выставе ў Маскве. Міністр жа прасіў з рэалізацыяй праекта так не зацягваць, у найбліжэйшыя некалькі месяцаў вытворчасць запусціць. І надалей з фундатарамі працаваць хутчэй.

На тое, што даўно настаў час перагледзець падыходы па прыцягненні інвестыцый, не раз звяртаў увагу Прэзідэнт. Заслухаўшы на мінулым тыдні справаздачу ўрада, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: важна выключыць цяганіну і бюракратызм у працы з фундатарамі, зрабіць усё, каб нам давяралі і ўкладвалі грошы. Прычым не толькі ў сталіцу. Акцэнт - на развіццё рэгіёнаў. Там сёння важна ствараць высокапрадукцыйныя працоўныя месцы.

Перспектыўных кірункаў - куды прыцягваць грошы фундатараў (а план на гэты год 90 млн. долараў) - дастаткова па ўсёй краіне. У іх ліку - развіццё рынку вытворчасці каменнай ваты, патрабуецца мадэрнізацыя і ў металаапрацоўцы.

Акрамя таго, ужо сёлета ў Гатаве запрацуе новы завод "Белгіпс". Там будуць выпускаць сучасныя будматэрыялы сусветнага ўзроўню. Дарэчы, інвестыцыі ўкладзеныя і ў дзеючае прадпрыемства. Апроч росту аб'ёмаў вытворчасці і продажаў, як следства - рост зарплат яго супрацоўнікаў.

Першую партыю на новай лініі, якая запрацуе ў шклозаводзе, плануюць атрымаць ужо да канца года. Супрацоўніцтва, гавораць у ведамстве, не абмяжуецца інвестыцыямі. У Гродна запросяць спецыялістаў для абмену тэхналогіямі і досведам.