Гаварыць пра масавую ўборку збожжа ў Віцебскай вобласці дачасна

2 августа 2017

Віцебская вобласць. Вольга Маслоўская пра ход уборачнай.

Гаварыць пра масавую ўборку збожжа ў Віцебскай вобласці дачасна. Хлебныя палі распячаталі толькі ў палове раёнаў. Тады як летась на гэтую дату хлеб быў скошаны з пятай часткі плошчаў.

Убіраюць збожжавыя выбарачна. На лёгкіх пясчаных глебах. Ураджайнасць без малога 36 цэнтнераў з гектара. Гэта вышэй, чым год таму. Паводле ацэнак спецыялістаў, на палях паўночнага рэгіёна не менш за 1 мільён 100 тысяч тон збожжа.

Асноўная задача - убраць без страт. А для гэтага патрэбна спраўная тэхніка. 250 камбайнаў прастойваюць у майстэрнях. Гатоўнасць сельгасмашын да ўборачнай у рэгіёне - 85 %. Не ўся тэхніка на хаду і ў перадавым для Сенненскага раёна саўгасе імя Машэрава. Гавораць, што з запчасткамі праблем няма - не хапае рабочых рук.

У сельгаспрадпрыемстве "Рубежніца" Лёзненскага раёна з 9 камбайнаў на лінейцы гатоўнасці 7. А яшчэ некалькі дзён таму на рамонце быў увесь парк. Сітуацыя змянілася пасля прыезду дзяржаўных кантралёраў. Зараз вырашаюць іншую галаваломку - як забяспечыць запас паліва, каб потым не падлічваць прапушчаную выгаду.

Як паказала шчырая гутарка на селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю, праблема паліва актуальная амаль для ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці. Падчас відэаканферэнцыі губернатар просіць вырашыць праблему на самым высокім узроўні.

Зараз працаўнікі сяла ў паўночным рэгіёне ўшчыльную займаюцца ўборкай зімовага рапсу. Скошана амаль палова плошчаў. Дзяржзаказ - 60 тысяч тон насення. Культура каштоўная і выгадная для гаспадарак, бо яе рэнтабельнасць дасягае 40 %.

Ураджай алейнай культуры ў кругласутачным рэжыме прымае Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод. Велікагрузы і цягнікі дастаўляюць сюды рапс з усіх рэгіёнаў краіны.

Спецыялісты плануюць, што масавая ўборка збожжавых у Віцебскай вобласці пачнецца да канца тыдня. Задача - завяршыць жніво ў максімальна кароткія тэрміны.