Дзяржава будзе і надалей падтрымліваць бізнес-праекты, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў

15 ноября 2018

Дзяржава будзе і надалей падтрымліваць бізнес-праекты, накіраваныя на развіццё рэгіёнаў, у тым ліку малых населеных пунктаў. Размова не толькі пра фінансавую падтрымку стартапаў - дарэчы, гэтая сума толькі сёлета дасягне амаль мільёна рублёў, - але і пра залучэнне малых кампаній у ланцужок прамысловай кааперацыі. Папросту, навошта купляць камплектуючыя за мяжой, калі іх вытворчасць можна адкрыць побач?! Як актывізаваць такое супрацоўніцтва, абмяркоўвалі ў Магілёве прадстаўнікі бізнесу, прамысловасці і навукі.

Руслан Страхар, старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама: "Па выніках 9 месяцаў каля 70 % імпартазамяшчальнай прадукцыі ў Магілёўскай вобласці выраблена на прадпрыемствах малога і сярэдняга бізнесу. Гэта вельмі важна для нас. Гэтая лічба з кожным годам павялічваецца. І гэта той патэнцыял і той пункт росту, які мы бачым у цэлым для развіцця Магілёўскай вобласці".

Пётр Арушаньянц, гендырэктар Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў: "Гэта ўзаемавыгадная праца, таму што для буйнога і сярэдняга бізнесу аўтсорсінг з'яўляецца адной з самых эфектыўных прылад паніжэння сабекошту. А для малога гэта выхад на новыя межы. Кантактныя біржы якраз і дазваляюць устанавіць першасныя кантакты, пазнаёміцца".

Падчас Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва на падобных форумах абмяркуюць развіццё жаночага бізнес-руху ў Беларусі і моладзевых стартапаў.