Дзяржкантроль з новага года пераходзіць на прынцыпова іншы рэжым праверак бізнесу

16 октября 2017

У Беларусі кардынальна зменіцца кантроль у бізнес-асяроддзі. Галоўныя навацыі - адыход ад планавых праверак прадпрымальнікаў, а таксама штрафы для саміх кантралёраў, калі тыя выйдуць за строгія рамкі працэдуры. Нормы прапісаны ва ўказе аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці. Сёння дакумент падпісаў Прэзідэнт. Указ стаў часткай вялікага пакета дакументаў па лібералізацыі бізнесу.

Наш карэспандэнт Вольга Анішчанка ў дэталях пацікавілася ў распрацоўшчыкаў указа, як зменіцца рэжым праверак і якія падставы зараз спатрэбяцца правяраючым, каб заявіцца на прадпрыемства.

На прынцыпова іншы рэжым праверак бізнесу Дзяржкантроль пераходзіць з новага года. Ён наогул стане новым этапам кантрольнай работы. Усе планавыя праверкі ў мінулым. Застаюцца толькі тыя, што па-за планам. І то толькі пры ўмове, калі канкрэтна вядома, што прадпрымальнік парушыў закон. Увесь наступны год бізнес працуе ў фармаце выключна няпланавых праверак. Але паралельна рыхтуюцца падыходы, каб перайсці толькі да праверак выбарачных. Іх запусцяць з пачатку 2019-га. І тут ужо падыходы крыху іншыя.

З праверкамі сёння добра знаёмы кожны бізнесмен. Тым больш вытворца. Падатковыя, пажарныя, ахоўныя мерапрыемствы. Калі кантроль стаіць па плане, то правяраючыя "манітораць" працу ад двух да чатырох тыдняў, адзначае кіраўнік гэтай гродзенскай кампаніі. Яе канёк - дрэваапрацоўка і лесанарыхтоўка. Прадпрыемства паспяховае. Стабільны экспарт. Новыя рабочыя месцы. Зарплата вышэйшая за сярэднюю, ды і "скача" ад выніку кожнага працаўніка. Тут упэўнены: кантралёры наўрад ці дапамогуць рэгіянальнаму бізнэсу ўзяць новую вышыню. Тады навошта іх такая пільная ўвага?

Аб новых падыходах да працы кантралёраў прадпрымальнік прасіў даўно. Маўляў, даходзіла да таго, што ненаўмысныя памылкі ставілі на бізнесе крыж. Часовае прыпыненне працы вылівалася ў такія страты, што працягваць пасля зняцця санкцый не ўяўлялася магчымым. У выніку канчаткова разабрацца з праверкамі даручыў Прэзідэнт. Адысці ад неабгрунтаваных, змяніць пакаранне папярэджаннем - вось галоўныя падыходы.

Важнае новаўвядзенне ўказа - узмацненне адказнасці кантралёраў за парушэнне парадку праверак. Калі для гэтага, напрыклад, няма сур'ёзных падстаў або перавышаны тэрміны кантролю. Ды і ў цэлым паўнамоцтвы правяраючых істотна скарочаныя. Важна, што зараз яны не змогуць напрамую выносіць загады аб прыпыненні працы бізнесу. З новага года гэта можна зрабіць толькі ў судовым парадку.

Указ працягвае генеральную лінію па спрашчэнні ўсёй працы бізнесу - давер у абмен на адказнасць. Так, прадпрымальнік атрымлівае больш ільгот і свабоды, але пры гэтым ручаецца: працаваць будзе сумленна. Прынцып - гарант больш даверных адносін бізнесу і дзяржавы.

На працягу наступнага года ўрад вырашыць, якія менавіта крытэрыі паслужаць падставай для праверак на прадпрыемствах. Тыя самыя рызыкі, якія могуць вывесці бізнес за рамкі закона. Але ў любым выпадку інфармацыя аб праверках будзе ў адкрытым доступе - на сайце Камітэта дзяржкантролю. І кожны бізнесмен зможа загадзя даведацца, ці прыйдуць да яго кантралёры. Адначасова ў краіне пройдзе вялікая аптымізацыя саміх кантралюючых органаў. Чакаецца, што паўнамоцтвы на правядзенне праверак страціць траціна кантралёраў, а колькасць падуладных ім сфер скароціцца амаль удвая.