Магілёў наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч

26 сентября 2018

На палях саміту СНД адбудуцца двухбаковыя сустрэчы. Не выключаны і працяг дыялогу лідараў Беларусі і Расіі. Асабліва, калі ўлічыць маштабнае мерапрыемства найбліжэйшых дзён - Форум рэгіёнаў дзвюх краін. Ён адкрыецца 10 кастрычніка ў Магілёве.

Сёння горад на Дняпры з рабочай паездкай наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў нашай краіне Міхаіл Бабіч. Напярэдадні ён афіцыйна ўступіў на пасаду. Паглыбленне інтэграцыі з Беларуссю, у тым ліку развіццё высокатэхналагічных галін прамысловых прадпрыемстваў з інавацыйным патэнцыялам, - прыярытэт для супрацоўніцтва, адзначыў дыпламат. Таксама сёння стала вядома, што неабходны аб'ём нафтапрадуктаў, які патрэбен для развіцця беларускіх прадпрыемстваў, будзе пастаўляцца без абмежаванняў. Як падкрэсліў Міхаіл Бабіч, дасягнутая дамоўленасць аб павелічэнні паставак нафтапрадуктаў для прадпрыемстваў нафтахіміі на 10-15%. Што датычыцца кошту на газ, то ён быў устаноўлены да 2020 года і ніякіх змяненняў не зведае.

Дыпламат сёння наведаў прадпрыемства "Магілёўхімвалакно". Тут узводзяць комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі. Ён дазволіць атрымліваць новыя асартыменты сінтэтычнага валакна і павялічыць пастаўкі ў расійскія рэгіёны. Аб перспектывах супрацоўніцтва ішла размова і на будпляцоўцы сумеснага прадпрыемства "Омск Карбон Магілёў" па выпуску тэхнічнага вугляроду. У перспектыве - стварэнне на яго базе навукова-даследчага цэнтра. Такая інтэграцыя дазволіць выйсці, на думку пасла, на пазначаныя ў перспектыве 50 мільярдаў долараў тавараабароту паміж Расіяй і Беларуссю. Міхаіл Бабіч наведаў сёння і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, дзе навучаюцца студэнты, у тым ліку - па расійскай праграме.