Гомельская вобласць адважылася на эксперымент - адрадзіць авечкагадоўлю

23 октября 2017

6 гадоў таму Гомельская вобласць адважылася на эксперымент - у мясцовым сельгаспрадпрыемстве заняліся развядзеннем авечак. Пачыналі з 50 галоў, зараз атара налічвае 2,5 тысячы. Гэта як раз той выпадак, калі новы кірунак - добра забытае старое. Паўстагоддзя таму пагалоўе авечак у Беларусі лічылася мільёнамі. Таму бізнес дае добрую рэнтабельнасць. Воўна ідзе на выраб валёнак і коўдраў, а мяса ў фірменных магазінах раскупляецца літаральна за гадзіну. На пошукі залатога руна адправілася наш карэспандэнт Вольга Халадовіч.

За восем гадоў працы Наталля Струцкая пераканалася, авечкі - адны з самых непераборлівых у доглядзе жывёлін. Часам ягнят прыходзіцца выкормліваць з бутэлечкі, потым яны зусім не баяцца чалавека і нават пазіруюць на камеру.

Гэтаму ягняці ўсяго два тыдні. Чыстапародны прэкос з моцным целам, раўнамернай афарбоўкай і густымі завіткамі на спіне.

Авёс, сена і вольны выпас на пашы, плюс морква і капуста. У гаспадарцы займаюцца вырошчваннем агародніны, таму скласці правільны рацыён для жывёлін няцяжка. Тут пачыналі з пяці дзясяткаў авечак, а зараз пагалоўе - ужо больш за 2 з паловай тысячы. Павялічваецца з кожным днём. А сама гаспадарка атрымала статус племянной.

Танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку выбралі па дзвюх прычынах. Воўну адпраўляюць на Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку. Мяса перапрацоўваюць самі. У камбінаце "Усход" - замкнёны цыкл вытворчасці. Выпускаюць больш за 17 відаў прадукцыі. Паўфабрыкаты рэалізуюць на ўнутраным рынку.

Ад развядзення і перапрацоўкі да рэалізацыі. Сёння ў прадпрыемства 12 гандлёвых аб'ектаў, у асноўным магазіны крокавай даступнасці.

Камбінат "Усход" здолеў заняць пустую нішу на беларускім рынку. Уласная сыравінная база - гэта выйгрыш у цане і якасці прадукцыі. Акрамя таго, прадпрыемства пастаўляе жывёлін для развядзення ў іншыя гаспадаркі краіны. Гомельскі вопыт паказаў, што атары авечак выдатна прыжываюцца не толькі на горных схілах, але і ў раўніннай Беларусі. Толькі за апошнія гады - за час дзеяння дзяржаўнай праграмы развіцця авечкагадоўлі - іх пагалоўе ў краіне павялічылася да 90 тысяч. Стаўку зараз робяць на новыя пароды.

А ў сельскагаспадарчых ВНУ краіны з'явіліся новыя запатрабаваныя спецыяльнасці і магчымасць прайсці перападрыхтоўку для тых жывёлаводаў, якія ўжо задзейнічаныя ў гэтай сферы.