Галоўныя тэмы вялікага медыяфоруму ў Алматы

25 мая 2019

Адной з найбуйнейшых інтэграцыйных структур - Еўразійскаму эканамічнаму саюзу - у канцы мая спаўняецца 5 гадоў. Дата хай і невялікая, але важкая. За гэты час краіны ЕАЭС умацавалі свае пазіцыі. На палітычнай карце з'явілася аб'яднанне, якое цяжка ігнараваць. Створаны адзіны рынак тавараў і паслуг. Аб'ём узаемнага гандлю вырас амаль на 10%. Вядома, нямала і нявырашаных, а часам і спрэчных пытанняў. Як раз іх нараўне з поспехамі і абмяркуюць на юбілейным саміце ЕАЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Ён пройдзе 29 мая ў Нур-Султане. А пакуль палітолагі і журналісты сабраліся на поўдні - у Алматы, дзе працэсы інтэграцыі ўжо іншай "пяцёркі" - Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана і Туркменістана - сталі адной з галоўных тэм вялікага медыяфоруму. Адказы на няпростыя пытанні пачуў Аляксей Кандраценка

Алматы - гэта, па сутнасці, буйны ігрок на міжнароднай палітычнай арэне. Толькі за апошні час у горадзе сустракаліся кіраўнікі ваенных ведамстваў АДКБ, тут прайшло пасяджэнне міжурадавага савета ЕАЭС, а таксама міжнародны саміт мэраў гарадоў. Менавіта Алматы прымае ў сябе Еўразійскі медыяфорум. Ужо 16-ы. 

Яшчэ 5-7 гадоў таму ў адносінах паміж Казахстанам, Узбекістанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам і Туркменістанам нярэдка назіралася напружанасць, у тым ліку і на іх межах. Якая ўжо там інтэграцыя - успамінаюць спікеры форуму. Зрэшты, і сёння да гэтага паняцця ў рэгіёне ставяцца акуратна, але прызнаюць значнасць цеснага супрацоўніцтва. Зараз уся цэнтральнаазіяцкая "пяцёрка" імкнецца стаць адзінай "далонню" вялікай і выцягнутай на тысячы кіламетраў "рукі" гандлёва-эканамічных сувязяў Еўразіі. 


Ержан Ашыкбаеў, намеснік міністра замежных спраў Казахстана: "Сёння мы бачым новую дынаміку ў адносінах цэнтральнаазіяцкіх дзяржаў. Праводзяцца сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і ведамстваў". 

Мурад Узакаў,  начальнік аддзела інфармацыйна-аналітычнага цэнтра міжнародных адносін Узбекістана: "Прыярытэт у знешняй палітыцы Узбекістана - гэта Цэнтральная Азія. І гэтыя пытанні і праблемы знімаюцца. І на гэтым фоне ідзе рост эканамічны і рост гандлю. У 2018-м рост склаў 4,2 мільярда долараў у параўнанні з 2017". 

Вялікія магчымасці адкрывае і новы Шаўковы шлях - адзначаюць эксперты.
Прычым не толькі для Кітая і Еўропы. У гэтым сэнсе ЕАЭС можа ўзмацняць пазіцыі ў гандлі за кошт прасоўвання, напрыклад, прадукцыі аграпрамысловага комплексу. 

Дулатбек Кыдырбекулы,  палітолаг, член Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі: "ЕС пачынаўся з саюза вугалю і сталі. Гэта нямецкі вугаль і французская сталь. І тут таксама інтэграцыя можа пачацца па сваіх правілах: казахская пшаніца і ўзбекская бавоўна. А далей, калі працэс будзе запушчаны, то падцягнуцца і іншыя дзяржавы".

Беларусь як прыхільнік шматлікіх інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы падтрымлівае і пашырае адносіны з 70-мільённым Цэнтральнаазіяцкім рэгіёнам. Гэта не толькі гандаль, але і сумесныя прадпрыемствы. Так сваю прысутнасць на рынку Цэнтральнай Азіі ўзмоцніць Мінскі трактарны завод. На базе гандлёвага дома МТЗ у паўднёвай сталіцы Казахстана ўжо сёлета створаць зборачную вытворчасць.