Мінус адзін пункт і ў выніку дваццаць два з паловай працэнты гадавых. Зніжэння ставак па крэдытах настойліва патрабаваў рэальны сектар эканомікі. Дарагоўля пазыковых рэсурсаў для беларускіх прадпрыемстваў за апошні год стала вельмі цяжкай. І вось упершыню з чэрвеня мінулага года стаўка рэфінансавання здалася. Што чакае рынак дэпазітаў і крэдытавання?
Андрэй Лапцёнак пагаварыў з экспертамі. За высокімі стаўкамі шэраг прычын. Жорсткая грашова-крэдытная палітыка, якая праводзіцца Нацбанкам апошнія два гады, - вымушаная мера. Трэба стрымаць рост унутранага попыту пры дастаткова высокай інфляцыі. Пры гэтым трэба ўлічыць, што абаротныя сродкі прадпрыемстваў фактычна замарожаныя ў гатовай прадукцыі на складах.
Эксперты прызнаюцца: актыўнасці перашкаджае і знешняя кан'юнктура для нашых экспарцёраў, яна далёкая ад ідэальнай. Знізілася эканамічная актыўнасць і ў краінах - асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі. Здавалася б, жорсткая тактыка - мера відавочная і апраўданая. І ўсё ж зніжэнне стаўкі ў такіх умовах у прадстаўнікоў Нацбанка і экспертаў знаходзіць свой аргумент.
Андрэй Жышкевіч, старшыня праўлення камерцыйнага банка: Узровень інфляцыі ў сакавіку быў ніжэйшы, чым у лютым. Гэта сам па сабе пазітыўны сігнал для зніжэння стаўкі рэфінансавання. Плюс да гэтага за апошні месяц на дэпазітным рынку ўстойліва фарміравалася тэндэнцыя зніжэння ставак. Банкі загадзя пачалі рух ставак уніз, таму па сутнасці сваёй стаўка рэфінансавання ў гэтым сэнсе хутчэй зараз ідзе за рухам рыначных ставак.
Адметна, што пры паступовым зніжэнні ставак па тэрміновых укладах у рублях для насельніцтва ёсць намер захаваць іх даходнасць вышэйшай, чым па валютных дэпазітах. Яшчэ адзін вынік: крэдыты для насельніцтва і бізнеса стануць больш даступнымі. А вось ці будзе зніжацца стаўка і надалей?
Дарэчы, гатовыя да гэтага і банкі. Як агенты фінансавага рынку яны адчуваюць сябе больш камфортна ва ўмовах нізкіх ставак. Але, бадай, пытанне, якое хвалюе і экспертаў, і фінансавыя ўлады, і насельніцтва - як гэта паўплывае ў цэлым на рост эканомікі? Нядаўні прагноз МВФ даў Беларусі рост ВУП толькі на 1,6%. Зрэшты, у сённяшняй няпростай палітычнай і як вынік эканамічнай сітуацыі, што складваецца на суседніх рынках, гэта толькі падстава больш настойліва выкарыстоўваць свае перавагі.
Плавальны курс і мяккае аслабленне беларускага рубля ў тых прагнозных значэннях, якія вызначыў на гэты год Нацбанк, дазволіць скараціць тэмпы падзення экспарту і гандлёвы баланс палепшыцца. Сёння дадатныя чаканні ўмацаваліся ва ўсіх галінах эканомікі, аднак найбольш прыкметна ў прамысловасці і будаўніцтве. Прамыслоўцы сцвярджаюць: вытворчасць і продажы, у тым ліку і дзякуючы зніжэнню ставак, пакажуць рост. Адно зразумела: развіццё беларускай эканомікі сёння напрамую залежыць ад поспеху працы краіны на знешніх рынках.