Кіраўнік Нацбанка Беларусі пацвердзіла станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы

29 Кастрычніка 2014

Патэнцыял Беларусі як бізнес-партнёра высока ацэньваюць і эксперты Сусветнага банка. Наша краіна палепшыла паказчыкі па індыкатарах сусветнага рэйтынгу вядзення бізнесу - 57-е месца з 189 магчымых. Зазначым, мы абышлі партнёраў па Мытным саюзе: Расія 62-ая, Казахстан - 77-ы. І сёння кіраўнік Нацбанка Беларусі пацвердзіла станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы. Інфляцыя да канца года павінна знізіцца да 18%. Надзея Ермакова адказвала на пытанні па тэлефоне і анлайн. Цікавіліся крэдытамі на будаўніцтва жылля, выгаднымі ўкладамі і тым, як удаецца заставацца ў такой цудоўнай форме. Рэпартаж Святланы Лук'янюк.


Сёння кіраўнік Нацбанка адказвала на пытанні беларусаў падчас анлайн-канферэнцыі. Тэмы, узнятыя падчас гутаркі, цікавяць кожнага з нас - гэта і стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях, крэдыты на будаўніцтва жылля, які курс беларускага рубля прагназуе Нацбанк да канца года і ў наступным.


Пытанні паступалі і ад інтэрнэт-карыстальнікаў, і па тэлефоне. Падчас жывых зносін удалося даведацца прагнозы па крэдытаванні будаўніцтва жылля, сёлета стаўкі не будуць ніжэйшыя за 30%, і па тэмпах інфляцыі на наступны год.


Не выключае кіраўнік Нацбанка магчымасці вяртання льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля пад 16% гадавых у наступным годзе. Пакуль жа раіць усім разлічваць на свае сілы ў вырашэнні жыллёвых пытанняў, а не чакаць танных крэдытаў.


Пры прагнозах улічваецца і сітуацыя, якая будзе адбывацца ў Расіі - нашага асноўнага гандлёвага партнёра. Але Беларусь пакуль не плануе дэвальваваць свой рубель з-за падзення расійскага.


Пенсіянеры цікавіліся, як лепш зберагчы і прымножыць свае грошы на банкаўскіх укладах. Надзея Ермакова параіла адзін з укладаў - гарантаваны.


Шмат пытанняў гучала і па вяртанні савецкіх банкаўскіх укладаў. Пакуль гэта пытанне застаецца адкрытым, у бюджэце сёння няма вольных сродкаў на такія выплаты. З асабістых пытанняў некаторых цікавіла стаўленне кіраўніка Нацбанка да спорту. Надзея Ермакова здаровы лад жыцця падтрымлівае: кожную раніцу робіць зарадку, а ў панядзелак наведвае басейн.