Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па бесперабойнай працы айчыннай нафтахіміі

31 декабря 2019
Апошні дзень года стаў напружаным рабочым у графіку Прэзідэнта, а таксама кіраўніцтва канцэрна "Белнафтахім", двух беларускіх НПЗ і ключавой магістральнай ніткі "Дружба". У развіццё пагадненняў 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу і двух раўндаў тэлефонных перамоў з Уладзімірам Пуціным сёння Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па бесперабойнай працы айчыннай нафтахіміі. Па выніках было даручана ў літаральным сэнсе за лічаныя гадзіны завяршыць перамовы гаспадарчых суб'ектаў. Таксама на працягу некалькіх дзён Беларусь задзейнічае альтэрнатыўныя каналы пастаўкі нафты. 

Нагадаем, прынцыповае рашэнне аб пастаўках расійскай нафты ў Беларусь на ўмовах не горшых за бягучы год было прынята падчас перамоў двух лідараў у Санкт-Пецярбургу яшчэ 20 снежня. Дакладныя ўмовы кантрактаў павінны былі ўзгадніць урады і гаспадарчыя суб'екты. Аднак пакуль гэтага не адбылося.

У прыватнасці, пра гэта па тэлефоне сёння ж гаварылі Прэзідэнт Беларусі і расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Вынікам стала дамоўленасць аб арганізацыі дакладнай працы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны, паведамляе прэс-служба беларускага лідара.

Гэтыя ж пытанні, толькі больш дэталёва, Аляксандр Лукашэнка адрасаваў сёння ў тэлефоннай размове міністру энергетыкі Расіі Аляксандру Новаку. Гаворка ішла пра пэўныя графікі і кампаніі, якія будуць пастаўляць нафту ў Беларусь у новым, 2020 годзе.