Гіганцкі караван з магутных цягачоў прыбыў у Беларусь з Літвы

15 октября 2018

Буйнагабарытны груз даставілі на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Вага кожнага аўтацягніка - каля 150 тон. Дыяметр ёмістасцяў - амаль 7 метраў. Груз праехаў сотні кіламетраў па пяці абласцях Беларусі. На дарогу пайшло 10 сутак. Па сукупнасці параметраў гэту перавозку можна назваць рэкорднай для ўсёй краіны. Пры ўзгадненні маршруту ўлічваліся дзясяткі дэталяў: ад якасці дарожнага пакрыцця да інжынерных будынкаў і вышыні ліній электраперадачы.

Ёмістасці часовага захоўвання каталізатара неабходныя для мадэрнізацыі прадпрыемства. Італьянскі партнёр паставіў ужо 14 з 16. Будаўніцтва комплексу будзе каштаваць больш за мільярд долараў. Гэты інвестыцыйны праект называюць самым дарагім у гісторыі прадпрыемства. Работы на ўчастку пачаліся ў 2014. Галоўная мэта - павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты і нарасціць аб'ёмы выпуску.