Французскі бізнес актыўна прыглядаецца да Беларусі

15 ноября 2017

Перамовы з дэлегацыяй прамыслоўцаў сёння правялі прадстаўнікі машынабудаўнічай, нафтахімічнай і дарожна-будаўнічай галін Беларусі. Асаблівую цікавасць выклікала наведванне МАЗа і БелАЗа. Характэрна, што ініцыятарам перамоў выступіў французскі бок. Падрабязнасці ў рэпартажы Ксеніі Лебедзевай.

Раберта Насек - прадстаўнік чыгуналіцейнай галіны. Яго кампанія вырабляе запчасткі для кампрэсараў, каробак перадач, кампаненты для грузавікоў і сельскагаспадарчай тэхнікі. Сярод партнёраў - "Мерседэс" і "Вольва". Новыя магчымасці для пашырэння бізнесу разлічвае знайсці тут - у Беларусі.

Раберта Насек, дырэктар па развіцці і продажах чыгуналіцейнай кампаніі (Францыя): "Я сёння тут, каб наладзіць кантакт з такімі кампаніямі, як БелАЗ і МАЗ. Жадалі б развіваць рынак з прадстаўнікамі гэтых вытворчасцяў. Наша кампанія гатовая інвеставаць у Беларусь".

Тэхніка для будаўніцтва і рамонту дарог французскага паходжання пад маркай, якую прадстаўляе Стэфан Удэн, зараз працуе ў 80 краінах свету. У Беларусі хочуць закупляць аўтамабільнае шасі вытворчасці МАЗа. Кааперацыя - у прыярытэце.

Французскае паходжанне мае і лідар сярод міжнародных кампаній у галіне інфармацыйных паслуг і сістэм бяспекі. З мінулага года прадстаўніцтва ёсць і ў нас.

Міхаіл Лядаў, дырэктар па продажах IT-кампаніі (Францыя): "IT-рынак Беларусі мае перспектывы далейшага развіцця, і мы жадаем таксама ў гэтым прыняць удзел".

Трэба адзначыць, што французскія прамыслоўцы самастойна выбіралі прадпрыемствы ў залежнасці ад інтарэсаў, перспектыў і патэнцыялу ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

За паўгода гэта трэці візіт французскіх прадпрымальнікаў у Беларусь. Першымі сталі прадстаўнікі малочнай прамысловасці, затым - харчовай. І вось зараз прамыслоўцы.

Дзідзье Канес, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі: "Такія візіты - самы эфектыўны спосаб прыцягнуць увагу французскіх прадпрыемстваў да магчымасцяў беларускага рынку".

Французскі бізнес усё больш актыўна пачынае прыглядацца да Беларусі. Паляпшэнне макраэканамічнай сітуацыі, аднаўленне эканамічнага росту, пацяпленне ў бізнес-асяроддзі краіны стварае спрыяльныя ўмовы для наладжвання кантактаў. Гэта адзначылі і міжнародныя фінансавыя эксперты, з якімі дэлегацыя сустракалася напярэдадні.

Як адзначылі французскія госці, гэта паслужыць добрым адпраўным пунктам для новых праектаў прадпрымальнікаў дзвюх краін і больш цеснай бізнес-кааперацыі.