Фарміраванне нацыянальнай сістэмы венчурнага фінансавання абмяркоўвалі ў Мінску

25 ноября 2014
Нівеляваць прорву паміж навукай і вытворчасцю. А стаўку зрабіць на распрацоўкі маладых навукоўцаў. Прычым, не ў перспектыве, а ўжо цяпер. Ідэя, якая не раз гучала на самым высокім узроўні, сёння атрымала яшчэ адзін імпульс для рэалізацыі. Фарміраванне нацыянальнай сістэмы венчурнага фінансавання абмяркоўвалі сёння ў Мінску на інавацыйным форуме "Навука і бізнес". Як правільна стварыць гэты праект у краіне - з беларускімі спецыялістамі падзяліліся вопытам калегі з Расіі.

Прадстаўнікі буйной венчурнай кампаніі спецыяльна прыехалі на форум, каб ацаніць распрацоўкі нашых навукоўцаў і адзначыць лепшыя стартапы для магчымага інвеставання. Паралельна на адной пляцоўцы з форумам "Навука і бізнес" адкрылася канферэнцыя "Навуковыя імкненні - 2014". На ёй свае праекты прэзентуюць навукоўцы з пяці краін - Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны і Малдовы. Прычым, у ліку ўдзельнікаў зарэгістраваныя нават школьнікі.

Якія праекты ўжо зацікавілі фундатараў і ў што яны гатовыя ўкладваць - даведвалася Кацярына Шыбко.

Гэта шматфункцыянальны робат Джымба. Яго прэзентацыя адразу прыцягнула ўвагу бізнесменаў, нягледзячы на тое, што стваральнікі яшчэ школьнікі. Паводле іх слоў, пакуль робат можа выконваць стандартныя і прымітыўныя каманды. Але пры дапрацоўцы і добрым інвеставанні цалкам зможа стаць проста незаменным памочнікам у доме.

Для гэтых хлопцаў удзел у форуме і прэзентацыя Джымба з аднаго боку - магчымасць зарэкамендаваць сябе ў якасці патэнцыйных абітурыентаў лепшых ВНУ, з іншага - спроба знайсці фундатараў. Сёння Нацыянальная бібліятэка, дзе і праходзіць адначасова форум "Навука і бізнес" і канферэнцыя "Навуковыя імкненні", стала пляцоўкай для дыялогу навукі і вытворчасці. Гэта той самы выпадак, калі тэорыя пераходзіць у практыку.

Аб гэтай непарыўнай сувязі неаднаразова гаварыў і Кіраўнік дзяржавы. На сустрэчы з навукоўцамі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: прыкладная навука не павінна заставацца толькі на паперы, а ад моманту вынаходства да ўкаранення ў вытворчасць павінна праходзіць як мага менш часу.

На форуме ў Мінску фундатары сярод ганаровых гасцей. Для іх і дэманструюць распрацоўкі школьнікі і навукоўцы-пачаткоўцы. Большасць пакуль, праўда, на паперы. З іх толькі некалькі рэальна могуць запрацаваць у вытворчасці. Гэты працэс адбору спецыялісты завуць "інвестыцыйнай варонкай".

Уладзімір Давідовіч, дырэктар Мінскага гарадскога тэхнапарка: "Усяго, наколькі я ведаю, прадстаўлена больш за 60 праектаў. І гэта не абавязкова ай-ці. Больш за тое, зараз цікавая галіна, якая звязаная з жалезам. Што датычыцца нашага тэхнапарка, у нас у саміх вырастаюць стартапы. Гэта розныя рэабілітацыйныя абсталяванні, гіпабаракамеры для трэніроўкі спартсменаў".

Магістрант аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Андрэй Касько прапаноўвае распрацоўку для сельскай гаспадаркі. З дапамогай яго тэхналогіі якасць прадукцыі стане вышэйшай, выдаткі - меншыя.

Андрэй Касько, магістрант БГДТУ: "Я распрацаваў пэўную мадэль, пэўны алгарытм, які дазваляе па аналізе паводзін жывёлін вызначыць найболей аптымальныя ўмовы для іх утрымання, што прывядзе да прыросту, памяншэння энергаёмістасці прадукцыі".

Яшчэ адна гучная тэма форуму "Навука і бізнес" - фарміраванне нацыянальнай сістэмы венчурнага фінансавання. Калегі з Расіі падзяліліся вопытам з беларускімі спецыялістамі па стварэнні падобнага праекта. Адзначыўшы пры гэтым, што гатовыя прафінансаваць упадабаныя інавацыйныя праекты беларусаў.

Форум "Навука і бізнес" і канферэнцыя "Навуковыя імкненні" ў Мінску будуць праходзіць да канца тыдня ўжо пяты раз. За гэты час удзельнікі з пяці краін не толькі паспрабуюць знайсці фундатараў, але і змогуць паўдзельнічаць у розных трэнінгах са знакамітымі экспертамі.
Упершыню сёлета арганізатары падрыхтавалі праграму пад назвай "Адукацыйны модуль".

Яны запрасілі дасведчаных расійскіх бізнесменаў, якія распавядуць навукоўцам, як прасоўваць свой стартап, пачынаючы ад стварэння бізнес-плана да пошуку партнёраў. Падобны майстар-клас правядуць і для фундатараў-пачаткоўцаў. Прадстаўнікі буйной венчурнай расійскай кампаніі падзеляцца вопытам, як спрагназаваць і мінімізаваць рызыкі пры ўкладанні ў новы праект.