Факты безгаспадарчасці на эксперыментальнай базе ў Пухавіцкім раёне

25 ноября 2015

Між тым чысціня фінансавых аперацый - далёка не адзіная сфера пільнай увагі спецыялістаў Камітэта дзяржкантролю. Факты безгаспадарчасці выяўлены на эксперыментальнай базе ў Пухавіцкім раёне. Там ужо некалькі гадоў не выкарыстоўваецца сучаснае імпартнае абсталяванне, якое было набыта для мадэрнізацыі малочна-таварнай фермы. А на гэта тры гады таму было выдаткавана каля 6 мільярдаў рублёў. Чаму за гэты час прадпрыемства так і не перайшло на новыя тэхналогіі - разам са спецыялістамі разбіралася і наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч.

Гэтая жалезная шафа (насамрэч пульт кіравання робатызаваным абсталяваннем) нават пры вялікім жаданні складана прыняць за месца для захоўвання бытавых прадметаў. Аднак логіка тых, хто паставіў туды венік і швабру напэўна такая - раз ужо па прызначэнні абсталяванне не выкарыстоўваецца, дык хай пабудзе сейфам. Яшчэ тры гады таму на гэтай ферме павінны былі перайсці на цалкам аўтаматызаваны працэс працы, аднак абсталяванне зламалася ў першую ж зіму і дагэтуль не эксплуатуецца. А між тым на яго куплю выдаткавалі немалыя сродкі - каля 6 мільярдаў рублёў.

Эксперыментальная база "Зазер'е", згодна з задумкай, павінна была стаць перадавым прадпрыемствам з сучаснымі тэхналогіямі і падыходамі да вядзення сельскай гаспадаркі. Закупілі не толькі робатызаванае абсталяванне для малочных ферм. Яшчэ і вялікая частка тэхнікі - гэта камбікормавыя машыны, абсталяванне для біягазавай устаноўкі, нават сістэма вентыляцыі для сховішча агародніны - проста прастойвае.

Мабільная ўстаноўка для астуджэння малака выкарыстоўваецца, як правіла, летам, калі карову падаілі ў палявых умовах. Аднак пра тое, што машына так ні разу і не выехала да месца прызначэння, сведчыць нават той факт, што колы кудысьці зніклі. Гэтыя факты выявілі падчас праверак Камітэта дзяржкантролю. Зараз кіраўніцтва эксперыментальнай базы павінна прыняць меры, каб запусціць абсталяванне як мага хутчэй. Бо выдаткаваныя сродкі, так або інакш, трэба вяртаць.

Сёння кожная карова на гэтай ферме дае каля 10 кілаграмаў малака за суткі. Для прадпрыемства такога тэхнічнага ўзроўню - гэта амаль нішто.

А між тым пераход на больш сучасныя тэхналогіі як раз і вядзе да павелічэння прадукцыйнасці, павышэння якасці прадукту і ў канчатковым выніку - павялічвае рэнтабельнасць сельгазарганізацый. На гэтай ферме ў Стаўбцоўскім раёне пераканаліся на практыцы: за тэхналогіямі - будучыня.

Сёння толькі ў Мінскай вобласці - больш за 900 ферм, з іх траціна працуе з дапамогай камп'ютарных тэхналогій. І як паказвае практыка, такая мадэрнізацыя, хоць і нятаннае задавальненне, але прыбытковае пры правільным выкарыстанні.