Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця інвесціруе ў беларусак

4 марта 2016

Размова ідзе пра 10 млн еўра, якія ўстанова выдзеліць сёлета на рэалізацыю праграмы "Жанчыны ў бізнесе". Афіцыйнае адкрыццё праекта прайшло сёння ў Мінску падчас першага Тыдня беларускага прадпрымальніцтва. Праграма працуе ў 16-ці краінах. Мяркуецца, што ў выніку яе рэалізацыі прадпрыемствы, якімі кіруюць бізнес-лэдзі, узнімуцца на новы ўзровень развіцця. Сёння ў эканоміцы краіны занята каля 50-ці працэнтаў жанчын, свой бізнес у кожнай чацвёртай.

Вольга Кузняцова, нацыянальны менеджар праграмы: "Мы гатовыя дапамагаць ім рэалізоўваць праграмы з мясцовымі кансультантамі, часткова пакрываючы іх выдаткі на такія праекты ў выглядзе субсідый. Таксама мы прапануем нашым жанчынам-кіраўнікам трэнінгі. Адзін з кампанентаў праграмы - паляпшэнне доступу да фінансавання беларускіх прадпрыемстваў, на чале якіх стаяць жанчыны. І тут мы гатовыя супрацоўнічаць з мясцовымі банкамі".

Франсіс Дэлей, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі: "Мы разлічваем, што дзякуючы гэтай праграме каля 10 тысяч жанчын у бізнесе ў 16-ці краінах атрымаюць доступ да фінансавання і кансультацыйных паслуг для вываду на новы ўзровень сваіх бізнесаў".

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця распрацоўвае і праграму супрацоўніцтва з нашай краінай да 2019 года. У красавіку павінен з'явіцца яе праект. Сёння інвестыцыйны партфель фінансавай арганізацыі ў Беларусі - 600 млн еўра. У асноўным гэта ўкладанні ў карпаратыўны і банкаўскі сектары і праект па рэканструкцыі аўтадарогі М10.