Еўрапейскія спецыялісты дапамагаюць вырашыць праблему ачысткі сцёкавых вод у Брэсце

23 февраля 2019

Праблему непрыемнага паху і ачысткі сцёкавых вод у Брэсце дапамагаюць вырашыць еўрапейскія спецыялісты. Рэканструкцыя ачышчальных збудаванняў вядзецца ў некалькі этапаў. Генпадрадчык - чэшская кампанія. Зараз работы блізкія да завяршэння. Вікторыя Патоня пацікавілася, ці адпавядаюць пробы мясцовай вады міжнародным стандартам? 

Цяпер на ачышчальных збудаваннях усе працэсы на маніторах. Дыспетчарская - цэнтр кіравання, дзе відаць, як функцыянуе комплекс у рэжыме рэальнага часу на кожным этапе ачысткі. Пакуль гэта толькі частка камп’ютарнага абсталявання, аўтаматызацыя працягваецца. Рэканструкцыя важнага для горада аб’екта вядзецца не адзін год на бюджэтныя сродкі, гранты і крэдыты міжнародных банкаў. Сцёкавыя воды адсюль трапляюць у трансгранічную раку Заходні Буг, затым праз Віслу ў акваторыю Балтыйскага мора. У вырашэнні экалагічнага пытання, каб давесці ачыстку вады ў Брэсце да патрабаванняў Хельсінкскай камісіі, зацікаўлены і міжнародныя эксперты. Таму на змену састарэлым тэхналогіям прыйшлі сучасныя.

Кожныя суткі праз двухузроўневую ачыстку праходзіць 80 тысяч тон вады. Спецыяльна пабудавана помпавая для сартавання грубых адходаў, усталяваны пескалоўкі, поўнасцю абнаўляюцца адстойнікі і аэратэнкі. Зараз работы выкананы на 90 %.

Рэканструкцыяй прадугледжана і зніжэнне ўзроўню спецыфічнага паху ў горадзе, які асабліва адчуваецца пры ветраным надвор’і. На першасныя адстойнікі ўсталёўваюць спецыяльныя купалы. Такія канструкцыі на ачышчальных збудаваннях Беларусі прымяняюцца ўпершыню. Ужо накрыты дзве чашы, а ўсяго іх будзе шэсць. Таксама з’явяцца асобныя фільтры для ачысткі паветра.

Генпадрадчык - чэшская фірма - у Еўропе пабудавала не адзін такі аб’ект. У Беларусі працуюць упершыню. Пэўная цяжкасць у тым, што работы праводзяцца на прадпрыемстве, дзейнасць якога няспынная. Па ўсёй тэрыторыі высокі ўзровень грунтавых вод, таму будуюць з улікам і гэтай асаблівасці.

Пробы вады спецыялісты лабараторыі бяруць штодня. Маніторынг вядзецца па многіх паказчыках, перш за ўсё на ўтрыманне фосфару і азоту. Падчас рэканструкцыі кантроль узмоцнены. Абноўленыя ачышчальныя збудаванні горад атрымае акурат да свайго міленіуму.



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя