6 мільёнаў еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі

13 сентября 2017

Еўрасаюз праз Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзеліць 6 мільёнаў еўра на падтрымку малога бізнесу ў Беларусі.

Пагадненне падпісана сёння ў Міністэрстве эканомікі. Яно паспрыяе павышэнню канкурэнтаздольнасці малых прадпрыемстваў, умацаванню іх патэнцыялу, стварэнню новых рабочых месцаў і дыверсіфікацыі нацыянальнай эканомікі. Больш за 200 малых прадпрыемстваў змогуць скарыстацца кансультацыямі і новымі тэхналогіямі па праграме. Асаблівую ўвагу нададуць бізнесу за межамі сталіцы.

Сума Чакрабарці, кіраўнік Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця:

"Гэта вельмі важнае трохбаковае партнёрства паміж Еўрасаюзам, Банкам рэканструкцыі і развіцця і Беларуссю. ЕС - наш буйны донар. Гэтая праграма накіравана на падтрымку малога і сярэдняга бізнесу. А малы бізнес - гэта аснова эканамічнага развіцця любой краіны".

Уладзімір Зіноўскі, Міністр эканомікі Беларусі:

"Агульны аб'ём фінансавых рэсурсаў, выдзеленых ЕБРР з моманту афармлення членства Беларусі ў банку, складае каля 2 мільярдаў еўра. Пры падтрымцы ЕБРР рэалізаваныя знакавыя інвестыцыйныя праекты ў прыватным сектары, напрыклад, уведзены ў эксплуатацыю заводы "Штадлер", "Кранаспан".

Пра новыя сумесныя праекты Беларусі і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця гаварылі сёння і на сустрэчы ва ўрадзе. Як адзначыў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, Беларусь разлічвае на пашырэнне супрацоўніцтва, якому ўжо чвэрць стагоддзя. Зараз размова ідзе наконт прыцягнення сродкаў на капіталізацыю Белінвестбанка і дапамогі па падрыхтоўцы да прыватызацыі "Крыніцы" і "Блакіта".

Андрэй Кабякоў, Прэм'ер-міністр Беларусі:

"Мы накіраваныя на далейшае развіццё ўзаемадзеяння з ЕБРР і пашырэнне аперацый банка ў Беларусі як за кошт новых напрамкаў і фарматаў сумеснай працы, так і шляхам нарошчвання аб'ёмаў фінансавання па ўжо наяўных праектах. Бягучыя фінансавыя паказчыкі 85 мільёнаў еўра дазваляюць нам з пэўным аптымізмам разлічваць на далейшы рост аб'ёму аперацый ЕБРР у Беларусі, які ўжо сёлета, паводле нашых ацэнак, можа скласці 200-250 мільёнаў еўра".

Актыўна прасоўваюцца праекты сферы ЖКГ - водны сектар, абыходжанне з камунальнымі адходамі і энергаэфектыўнасць. А таксама па дзяржаўна-прыватным партнёрстве - рэканструкцыя трасы М-10 ад Гомеля на Кобрын.