Еўразійская эканамічная камісія працягвае працу

24 декабря 2013
На фоне вялікіх палітычных перамоў у Маскве Еўразійская эканамічная камісія працягвае працу над новымі тэхнічнымі рэгламентамі. І сёння кіраўніцтва беларускага Дзяржстандарта расказала аб няпростых перамовах, якія датычацца сертыфікацыі тавараў. Беларусь, Расія і Казахстан узгаднілі адзіныя патрабаванні па леках, адзенні, абутку, харчаванні. Піва ўсё-такі дазволяць і далей разліваць у пластыкавую тару. А строгія патрабаванні да адзення і абутку застануцца нязменнымі - індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя мець дакументы аб іх паходжанні. Зараз асноўныя дыскусіі вакол алкагольнай прадукцыі.

Падрабязнасці - у Наталлі Кузьміцкай.


Усяго ў Мытным саюзе прынятыя 34 тэхнічныя рэгламенты, знак ЕАС сёння можна ўбачыць на касметычнай і парфумернай прадукцыі, дзіцячых цацках і некаторых таварах харчовай прамысловасці, напрыклад, малочных прадуктах.

Еўразійская эканамічная камісія даволі хутка змагла распрацаваць і ўзгадніць адзіныя для Беларусі, Расіі і Казахстана патрабаванні да прадуктаў харчавання. А вось па класіфікацыі алкагольнай прадукцыі перамовы ідуць некалькі гадоў і пакуль не завершаныя. Краіны разыходзяцца ў галоўных азначэннях: што лічыць алкагольным напіткам, а што слабаалкагольным. Ад гэтага залежаць і патрабаванні да тары, у якую напітак можна разліваць, як пакаваць, прадаваць і, нарэшце, рэкламаваць.

Валерый Гурэвіч, першы намеснік старшыні Дзяржстандарта Беларусі: Апошняя буйная спрэчка - гэта абмежаванне магчымасцяў разлівання слабаалкагольных напіткаў у тару толькі да 0,33, але ўсё-такі вырашылі, што гэта не тая рызыка, якую можна ідэнтыфікаваць, і таму гэтае абмежаванне ў рамках дыскусіі было на мінулым тыдні знята ў Маскве.

Калі па моцным алкаголі краіны яшчэ ў пошуку кансенсусу, то лёс піва вырашаны. А гэта таксама было адно з самых спрэчных пытанняў. Расійскі бок прапаноўваў забараніць разліванне піва ў пластыкавыя бутэлькі па меркаваннях бяспекі. Для беларускіх півавараў, якія да 70% піва разліваюць у ПЭТ, гэта пагражала вялізнымі фінансавымі стратамі. Праз некалькі гадоў перамоў прыйшлі да пагаднення - забароны на разліванне ў пластыкавыя бутэлькі не будзе.

Міністэрства гандлю пацвярджае жорсткія патрабаванні да сертыфікацыі адзення і абутку. З-за няспрытнасці ІП, які не аформіў дакументы, пакупнік не павінен рызыкаваць уласным здароўем. Бо, купляючы, ён шчыра ўпэўнены: калі прадаецца, значыць, гэта можна насіць.

Аб'ядноўваючы рынкі Беларусі, Расіі і Казахстана, Мінгандаль мае намер сур'ёзна абараняць і ўласнага вытворцу. На стол Кіраўніка дзяржавы ў хуткім часе ляжа новы закон аб гандлі, не выключана, што гандлёвым аб'ектам, будзь гэта вялікія рэтэйлерскія сеткі або маленькія магазіны ля дома, будуць прапанаваныя асартыментныя пералікі беларускіх тавараў, якія павінны быць у наяўнасці.