Энергетыкі з амаль 20 краін свету ацанiлi лепшыя праекты беларускіх навукоўцаў

2 октября 2013

Напярэдадні ўбачыць на свае вочы лепшыя праекты беларускіх навукоўцаў у Мінск прыехалі энергетыкі з амаль 20 краін свету. Спецыялісты Інстытута цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук стварылі цэлы комплекс распрацовак па паляпшэнні цеплаэлектрастанцый. Навінкі ўжо працуюць на большасці ЦЭЦ нашай краіны.

Рэпартаж Улады Карніцкай.


Спецыяльна для астуджэння энергетычных і атамных установак. Аэрадынамічны завіхрыцель распрацавалі беларускія навукоўцы ў Інстытуце цепла- і масаабмену Нацыянальнай акадэміі навук. Апараты беларускай вытворчасці сёння працуюць на расійскіх, грузінскіх і кітайскіх ЦЭЦ.


Святлана Данілава-Трацьяк, вучоны сакратар інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі: Нашы распрацоўкі дазволілі знізіць удзельны расход паліва для вытворчасці электраэнергіі. І ў канчатковым рахунку дазволілі знізіць кошт прадукцыі.


Пераняць наш вопыт укаранення новых тэхналогій. З такой мэтай больш як 70 навукоўцаў і распрацоўшчыкаў напярэдадні наведалі Мінскую ЦЭЦ-3. Менавіта тут некалькі гадоў таму пачаўся працэс абнаўлення абсталявання, больш проста - мадэрнізацыя. Энергетыкі шчыльна працуюць выключна з нашымі навукоўцамі


Адна з распрацовак беларускіх навукоўцаў ужо паспяхова тут працуе. Аэрадынамічны завіхрыцель - гэта спецыяльныя шчыты, па якіх рухаецца паветра ў патрэбным кірунку. Дзякуючы гэтаму вада, якая знаходзіцца ўсярэдзіне градзіран, вось такіх веж, астуджаецца.


Акупляюцца такія распрацоўкі ўсяго за адзін, максімум два сезоны. Для рэгіёнаў з цяплейшым кліматам эканомія ў два разы большая.


Брус Ван дэн Бош, Дырэктар камерцыйнай кампаніі (ПАР): Для нас вельмі цікава не толькі будаўніцтва. Мы вельмі зацікаўлены ў паспяховай мадэрнізацыі градзіран, што дазваляе зэканоміць шмат грошай.


Водпуск цяпла - амаль тысяча 500 мегават. Сёння гэтая электрастанцыя, можна сказаць, грэе чвэрць Мінска. Акрамя таго, пастаўляе пару ў найбуйнейшы прамысловы вузел сталіцы. Больш як сто прадпрыемстваў, з якіх такія гіганты, як МАЗ і Трактарны завод. Але, як гавораць самі энергетыкі, такіх вынікаў без нашых навукоўцаў не дабіліся б.


Юрый Шнайдэрман, выканаўца абавязкаў начальніка ВТА Мінскай ЦЭЦ-3: Мы мелі і да таго пэўнае супрацоўніцтва з інстытутам цепла- і масаабмену імя Лыкава. І калі ўзнікла пытанне аб рэканструкцыі градзіран, то выкарысталі той вопыт, які ўжо ў іх быў. Мадэрнізацыя паспрыяла павышэнню эфектыўнасці градзіран, якія ў нас ёсць.


Дарэчы, зацікавіліся замежныя госці не толькі беларускім завіхрыцелем. Спецыялісты не выключаюць, што гарызантальныя зімовыя жалюзі і вентыляцыйныя вокны, якія таксама прызначаны для астуджэння энергетычных і атамных установак неўзабаве з'явяцца на ЦЭЦ і ў краінах-партнёрах.