Энергетыка Мінскай вобласці павялічвае аб'ёмы спажывання мясцовых відаў паліва

12 ноября 2015

Сезон здабычы торфу ўжо скончыўся, зараз з яго вырабляюць брыкеты. Флагман тарфяной прамысловасці - завод у пасёлку Усяж Смалявіцкага раёна. Аляксей Кандраценка даведаўся, у чым выгада ад выкарыстання беларускага балотнага золата.

Цвёрдыя, сыпкія, але аднолькава гаручыя! Інжынер Таццяна тэсціруе дровы, дранкі, торф і палеты ў сваёй лабараторыі. Выводзіць формулу ідэальнага мясцовага паліва не трэба. Тут галоўнае - праверыць якасць: гэтага і чакае спажывец.

Мінская вобласць, вядома, не самая багатая на запасы торфу ў краіне, але такія рэсурсы з-пад зямлі тут заўсёды шанаваліся. Аб няпростай эканамічнай выгадзе гаворыць простая арыфметыка. Дзве тоны торфу замяняюць тысячу кубаметраў прыроднага газу. Здабыча мясцовага паліва сезонная - з красавіка па кастрычнік, брыкеты ж вырабляюць цэлы год. Вось і сёння яны вылятаюць на транспарцёр, як гарачыя піражкі.

Сама ж вытворчасць, па сутнасці, безадыходная. Так званы адсеў спальваецца ў кацельні прадпрыемства. У выніку атрымліваецца амаль палова электраэнергіі, неабходнай для тэхналагічных патрэбаў завода. Усе працэсы максімальна аўтаматызаваныя.

Усяжскі торфабрыкетны завод выпускае за год больш як 70 000 тон прадукцыі. Сярод спажыўцоў чорных зліткаў і прамысловыя гіганты.

У прадпрыемства больш як 60-гадовая гісторыя і, паводле разлікаў вучоных, яна працягнецца як мінімум столькі ж. Выведаных запасаў торфу ў Смалявіцкім раёне хопіць яшчэ на дзесяцігоддзі.