Экспартная стратэгія і моцныя кадры важныя для прамысловасці Беларусі

19 мая 2019

Экспартная стратэгія і моцныя кадры важныя і для прамысловасці Беларусі, якая летась паказала амаль 6-працэнтны рост. Бо мала вырабіць, трэба і адказаць, напэўна, на галоўнае пытанне: куды і каму прадаць? Шукаць адказы трэба будзе абноўленаму пулу кіраўнікоў ключавых прадпрыемстваў і дзяржорганаў. 

Беллёгпрам узначальвае зараз Таццяна Лугіна. У сферы лёгкай прамысловасці яна  ўсё жыццё: прайшла шлях ад канструктара адзення да гендырэктара пінскай фабрыкі "Палессе". Гавораць, менавіта мэтанакіраванасць і мужчынскі характар дазволілі прэтэндаваць на пасаду кіраўніка ўсяго канцэрна і заняць яе. Адразу два кіраўнікі машынабудаўнічых грандаў - МАЗа і Лідсельмаша - выхадцы з "Амкадора". Гэта Валерый Іванковіч і Рыгор Іванькоў.

Так супала, што і прозвішчы, і задачы сугучныя. Ад прамыслоўцаў чакаюць вынікаў. Безумоўна, Мінскі аўтамабільны - адзін з брэндаў Беларусі. Выпускаюць паўтысячы мадэляў. Аўтобусы і грузавікі Мінскага завода калясяць у розных краінах свету. Галоўнае - умацоўваць імідж, пашыраць геаграфію,  пры гэтым  сваім карпаратыўным брэндам зрабіць якасць. Кіраўнік дзяржавы прама сказаў - патрэбны дзейсныя меры для вываду завода са складанай сітуацыі.

МАЗ, БелАЗ, МТЗ - флагманы машынабудавання, з моцным эканамічным патэнцыялам. У дадатак гэта і вельмі добрая школа для спецыялістаў. Аднак лічбы не так радавалі апошнія гады. Словам, новых кіраўнікоў чакае вялікая праца, каб наладзіць і вытворчасць, і продажы. Асабліва на экспарт, бо гэта ключавы прыток валюты ў краіну.