Экспертны савет будзе рэгуляваць цэны і тарыфы

14 мая 2019
Сёння падпісана сумеснае пагадненне Федэрацыі прафсаюзаў, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Нацбанка і Белстата. Гэта сацыяльнае і добраахвотнае партнёрства, каб на рынку не было неабгрунтаванага росту цэнаў і дэфіцыту. Будуць улічвацца інтарэсы спажыўцоў, прадпрыемстваў, а таксама сітуацыя на ўнутраным і знешніх рынках. Як зменіцца маніторынг? І ці выйграе ад гэтага пакупнік? Адказы з першых вуснаў выслухала Святлана Лук’янюк.

Маніторынг за цэнаўтварэннем з гэтага часу з чатырох бакоў: за афіцыйны падлік адказвае Белстат, прагноз ад Нацбанка, народны кантроль па магазінах ад прафсаюзаў і канчатковая ацэнка і аналіз ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. У разлік бярэцца кошт ад вытворцы, а таксама гандлёвая надбаўка. Ці ёсць аб'ектыўныя прычыны для росту цэнаў на рынку на той ці іншы тавар або гэта прага імгненнай выгады ці кампенсацыі сваіх выдаткаў?  Адказы на гэтыя і іншыя пытанні будуць шукаць разам. Гарант таму - падпісанае пагадненне аб стварэнні экспертнага савета па цэнах і тарыфах. Галоўны індыкатар - рост  даходаў людзей. У спісе Белстата сёння 460 тавараў і паслуг са спажывецкага кошыка. Па іх і ацэньваюць дынаміку. Пад прыцэлам усё, што прадаецца на рынках, у дробных  пунктах і гандлёвых сетках.

Але галоўнае тут - пошук залатой сярэдзіны, каб на рынку не было дэфіцыту той ці іншай прадукцыі, калі на экспарт прадаць  больш выгадна, але ў той жа час і неабгрунтаванага падаражання.

Збірацца экспертны савет плануе двойчы  на месяц. Першае пасяджэнне адбудзецца напрыканцы мая. Вынікі будуць максімальна адкрытыя - уся інфармацыя пад рубрыкай на сайце МАРГ.