Эканоміка павінна стаць падмуркам больш цесных адносін Беларусі і Польшчы

24 октября 2016

Наконт узняцця планкі ва ўзаемным гандлі і ў супрацоўніцтве дзвюх краін у цэлым гаварылі сёння ў Мінску. У нашу краіну прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя з Варшавы (паўтары сотні бізнесменаў) на чале з намеснікам старшыні Савета Міністраў, міністрам развіцця і фінансаў Польшчы. З Матэвушам Маравецкім сустрэўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Асноўны акцэнт сустрэчы - умацаванне эканамічных сувязяў. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларускі бок зацікаўлены ў стварэнні сумесных прадпрыемстваў з Польшчай і гатовы аказаць усю неабходную падтрымку. У сваю чаргу польскі віцэ-прэм'ер таксама адзначыў, што развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю з'яўляецца адной з прыярытэтных задач цяперашняга ўрада. Падчас сустрэчы закранулі і праблемныя пытанні, а таксама магчымыя вырашэнні гэтых праблем.

Вольга Макей пра перспектывы развіцця адносін паміж Мінскам і Варшавай.

Арцём Сімакоў працуе на сумесным прадпрыемстве галоўным тэхнолагам. Два гады таму разам з калегамі прайшоў стажыроўку на польскім заводзе, што спецыялізуецца на вытворчасці рукавоў высокага ціску. Там супрацоўнікі вывучылі тэхналогію. Зараз важныя дэталі, якія выкарыстоўваюць у машынабудаванні і якія раней даводзілася купляць за мяжой, выпускаюць самі. У Беларусі.

Андрэй Іванюк, дырэктар СТАА "Манулі Гідраўлікс Мануфактурынг Бел": "Я лічу, што гэта вельмі выгадна для нашай дзяржавы, бо ў нас асвоена імпартазамяшчальная прадукцыя. Сёння мы маем ужо пагадненні, заключаныя з трактарным заводам. І на сённяшні момант МТЗ можа купляць прадукт еўрапейскай якасці. Мы таксама пастаўляем прыведзеную тут прадукцыю на еўрапейскія рынкі. Дзякуючы таму што асвойваецца новы прадукт, мы ўжо сёлета адгрузілі прадукты ў Фінляндыю, адгрузілі доследную партыю нашых рукавоў у Паўднёвую Афрыку. І зараз прапрацоўваем магчымасці ў Паўднёвую Амерыку".

Такіх сумесных прадпрыемстваў у Мінска і Варшавы каля 200. Усяго ў нашай краіне больш як 350 кампаній з польскім капіталам.

Заходні сусед - трэці партнёр Беларусі па тавараабароце: за мінулы год 1 мільярд 800 мільёнаў долараў. Сёлета за першае паўгоддзе ўжо 1 мільярд 300. Але і гэта не мяжа, упэўненыя і ў Мінску, і ў Варшаве. І менавіта эканоміка павінна стаць падмуркам адносін дзвюх краін. Гэты тэзіс сёння гучыць у Палацы Незалежнасці.

Пра тое, што ў дыялогу Мінска і Варшавы намеціліся зрухі, сёння гавораць не толькі эксперты. Пра гэта сведчыць і чарада сустрэч апошняга часу. Паўгода таму ў Беларусь прыязджаў міністр замежных спраў Польшчы, у кастрычніку кіраўнік беларускага МЗС наведваў Варшаву. І вось сёння зноў перамовы. І ў бізнес-колах, і на вышэйшым узроўні.

Праграма візіту польскай дэлегацыі распісаная літаральна па хвілінах. Таму нават бавячы час, польскі віцэ-прэм'ер паспявае пагутарыць аб чымсьці з міністрам замежных спраў Беларусі. Канкрэтныя праекты і бізнес-ідэі яшчэ трэба абмеркаваць з дзелавымі коламі. У першую чаргу, глабальныя планы супрацоўніцтва. Пра іх - на сустрэчы з кіраўніцтвам краіны.

Віцэ-прэм'ер Матэвуш Маравецкі палітык малады. Яму 48. Прызнаецца: у Беларусі ўпершыню, але пра нашу краіну яму распавядалі дзеці. Зараз абяцае: зробіць усё, каб супрацоўніцтва Мінска і Варшавы стала прадукцыйным.

У склад польскага ўрада Матэвуш Маравецкі увайшоў год таму з пасады кіраўніка трэцяга па велічыні банка краіны. Дагэтуль сферы фінансаў прысвяціў 25 гадоў. Зараз, займаючы пасаду намесніка старшыні Савета Міністраў, сумяшчае адразу некалькі пасад: міністра фінансаў і міністра развіцця Польшчы.

Развіццё адносін з Беларуссю - адна з прыярытэтных задач яго ўрада, скажа віцэ-прэм'ер. А пацвярджае гэта рэкордны склад польскай дэлегацыі. У Мінск прыехалі 150 бізнесменаў. Такая цікавасць падмацоўвае галоўны тэзіс: эканоміка - лепшая база для супрацоўніцтва краін.

Сфера палітыкі. На гэтым шляху паміж Мінскам і Варшавай зараз рух насустрач. Як скажа Аляксандр Лукашэнка, ёсць тэндэнцыя да больш цесных адносінаў. Галоўнае - каб на гэтай дарозе ў будучыні не з'явіліся новыя перашкоды.

Матэвуш Маравецкі, намеснік старшыні Савета Міністраў, міністр развіцця і фінансаў Польшчы: "Хацеў бы падпісацца пад Вашымі словамі, што тавараабарот і эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляюцца добрай базай для развіцця супрацоўніцтва і ў іншых галінах. Польшча з'яўляецца пагранічнай краінай у ЕС для выхаду на ўсход, а Беларусь – пагранічная краіна для выхаду краін ЕАЭС на захад. Мы можам гэта сумесна выкарыстаць, у тым ліку ў рамках развіцця "Шаўковага шляху". Калі нашаму супрацоўніцтву нешта перашкаджае, гэтыя пытанні мы гатовыя хутка абмеркаваць і знайсці вырашэнні. Ужо сёння да сустрэчы з Вамі мы гаварылі пра беларускія трактары і пастаўкі беларускага цэменту ў Польшчу. Мы хочам, каб супрацоўніцтва давала карысць абодвум бакам".

Падчас сустрэчы дамовіліся: каб не адкладаць планы ў доўгі мех, віцэ-прэм'еры дзвюх краін складуць спіс канкрэтных двухбаковых праектаў, а праз паўгода сустрэнуцца зноў, каб абмеркаваць зробленае. Бо менавіта з малога, з сумесных ідэй і наладжваюцца глабальныя адносіны.

Гаварылі наконт супрацоўніцтва ў банкаўскім сектары, стварэння агульных прадпрыемстваў, захавання культурнай спадчыны. Дарэчы, у Беларусі жывуць каля 300 тысяч палякаў. Гэта трэцяя па колькасці нацыянальнасць у краіне. Зрэшты, беларусы прывыклі з усімі жыць у міры. Яркае таму пацвярджэнне - галоўны касцёл (а большасць палякаў - католікі) ў Менску літаральна за некалькі метраў ад праваслаўнага.

На падмурку такога добрасуседства прасцей будаваць эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва. Польшча гатовая падзяліцца вопытам уступлення ў СГА. Дарэчы, не выключана, што Варшава пасадзейнічае ў пасоўванні перамоў па далучэнні Мінска да Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Яшчэ адзін праект, у якім Беларусь і Польшча могуць працаваць разам, - ініцыятыва Кітая "Адзін пояс - адзін шлях". На думку віцэ-прэм'ера Маравецкага, гэта добрая пляцоўка для супрацоўніцтва краін. А галоўным вынікам пасяджэння беларуска-польскай камісіі стала дамоўленасць за найбліжэйшыя два гады як мінімум падвоіць тавараабарот.

Беларусь і Польшча сёння дэталёва абмеркавалі 10 ключавых напрамкаў супрацоўніцтва. Дамовіліся, што міжурадавая камісія зараз будзе сустракацца двойчы на год. Па выніках падпісаны сумесны пратакол. Але больш важнае за дакументы жаданне стаць бліжэй. І яно ёсць. У абодвух бакоў.