Эканоміка дня

31 января 2017

У Беларусі з'явіцца больш магчымасцяў для інвеставання. Урад, Нацыянальны банк і іншыя профільныя міністэрствы пачалі распрацоўку стратэгіі развіцця фінансавага рынку.

Будуць вызначаны мерапрыемствы да 2020 года. На бягучы момант Беларусь не можа пахваліцца разнастайнасцю фінансавых паслуг. Ці ледзь не адзіным варыянтам укладання прыватных інвестыцый застаюцца дэпазіты. Акцыі, аблігацыі прадпрыемстваў практычна не абарочваюцца. Мэта стратэгіі развіцця фінрынку - якасная трансфармацыя рынку, задавальненне патрэбнасцяў у фінансавых паслугах.

Еўра і долар сёння на гандлі Беларускай валютна-фондавай біржы патаннелі, расійскі рубель падаражэў.

Афіцыйны курс долара ЗША на заўтра - 1,9356. Курс еўра - 2,0703. Расійскі рубель адзіны ў кошыку падаражэў 3,2224 за 100 расійскіх на заўтра.

Тым часам урад Расіі не ў захапленні ад умацавання рубля. 

Мінфін лічыць бягучы курс расійскай валюты завышаным і прапаноўвае правесці яго дэвальвацыю на 10 працэнтаў, піша "Камерсант".

У Мінфіне Расіі мяркуюць, што без дэвальвацыі рубля збалансаванасць федэральнага бюджэту магчымая толькі пры цане нафты 76 долараў і вышэй.

Ва ўмовах кіраванай дэвальвацыі на 10 працэнтаў рубля бюджэт цалкам балансуецца пры цане нафты 61 долар.

Беларусам дазволілі адкрываць электронныя кашалькі не выходзячы з дому. Новаўвядзенні прапісаныя ў пастанове Нацбанка.Адна з галоўных змен - зарэгістраваць электронны кашалёк зараз можна аддалена. Прыходзіць у банк або да агента, які займаецца распаўсюджаннем электронных грошай па дамове з банкам, зараз не прыйдзецца. Але, пры ўмове, што раней кліент ужо пацвярджаў свае асабістыя даныя пры асабістай прысутнасці. Адкрыць кашалёк без асабістага візіту дазволілі таксама тым беларусам, якія абзавяліся электронным лічбавым подпісам.

Кітай абгоніць ЗША па паказчыках магутнасці атамнай энергетыкі, піша Bloomberg.

Другая па велічыні эканоміка ў 2016 годзе патроіць свой ядзерны патэнцыял, што зробіць яе найбуйнейшым рынкам ва ўсім свеце. Зараз у КНР на стадыі будаўніцтва знаходзіцца 20 рэактараў паводле інфармацыі МАГАТЭ. Яшчэ 176 рэактараў плануецца пабудаваць. Дзякуючы гэтаму Кітай знізіць да 2026 года долю вугля ў энергабалансе з цяперашніх 70 да 54%.

У продажы з'явіўся першы ў свеце лятаючы чахол для смартфона. 

У хуткім часе селфі-палкі, верагодна, знікнуць. На іх месца прыходзіць новае вынаходства Selfly - лятаючы чахол. Ён ужо з'явіўся ў продажы. Чахол селфлай узлятае на невялікую вышыню, што дазваляе захапіць у кадр больш людзей. Адзіным мінусам на гэты момант з'яўляецца слабы акумулятар, поўнага зарада хапае на 5-10 хвілін бесперапыннай працы.