Эканамічнае развіццё рэгіёнаў. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці

23 сентября 2019

А вось у кантэксце эканамічнай бяспекі  пра будучыню цэлага рэгіёна  сёння ішла размова яшчэ на адной сустрэчы Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з памочнікам Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Міхаілам Русым і губернатарам гэтага рэгіёна Леанідам Зайцам. Іх імёны па-ранейшаму часта з’яўляюцца ў прэсе. Усе памятаюць кадравыя рашэнні Прэзідэнта, калі абодва чыноўнікі былі накіраваны ўзнімаць Магілёўскую вобласць. Іх сённяшняя камандзіроўка ў Мінск - падстава распавесці, што ўжо зроблена, абмеркаваць яшчэ незакрытыя пытанні ў вобласці. Тэмы самыя розныя - сяўба азімых, тэхналагічная і кадравая дысцыпліна, а таксама фінансавая падтрымка рэгіёна. Ёсць ужо канкрэтныя вынікі, а заадно планы. Для вытворчасцяў Магілёўшчыны  распрацаваная праграма развіцця да 2025 года і яшчэ адна  асобна для паўднёвага ўсходу. 

Землям, пацярпелым ад Чарнобыльскай АЭС, прысвецяць абноўлены ўказ Прэзідэнта. Падрабязнасці ў Ілоны Красуцкай.

1000-годдзе Брэста, 75-годдзе Гродзенскай вобласці: гэтыя святочныя падставы нядаўніх паездак Кіраўніка дзяржавы -  добрая магчымасць комплексна зірнуць на развіццё рэгіёна. Але не заўсёды гэтая падстава для станоўчых ацэнак. Безумоўна, ідэальна ўсюды не бывае,  для гэтага пастаянна і абмяркоўваюцца нявырашаныя пытанні. Сёння ў фокусе ўвагі Прэзідэнта Магілёўская вобласць.

Прэзідэнт неаднаразова крытыкаваў вобласць за слабыя паказчыкі, нават у пачатку года змяніў губернатара. Узнімаць рэгіён Аляксандр Лукашэнка адправіў былога міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Памочнікам Прэзідэнта ў рэгіёне стаў экс-віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, які раней ва ўрадзе курыраваў аграрную сферу. Абодва, лічы, 5 месяцаў як пераехалі ў Магілёўскую вобласць. Адрэзак, які дазваляе гаварыць аб першых выніках.
Задачы зразумелыя: узняць эканоміку, павялічыць экспарт, прыцягнуць інвестыцыі. У земляробстве і жывёлагадоўлі паглядзець на кадры, там, магчыма, і сам сабою адпадзе пытанне з тэхналагічнай дысцыплінай. Разабрацца з падзежам жывёлы -  яшчэ адно пытанне, за якое ад Прэзідэнта даставалася ледзь ці не кожнаму губернатару ў краіне. Пакуль жа сам Леанід Заяц канстатуе: Магілёўская вобласць развіваецца спакойна. А патрэбна дынаміка. 
Безумоўна, у вобласці ёсць і пазітыўныя змяненні: павялічылі экспарт, растуць інвестыцыі. За бягучы перыяд ужо 80 мільёнаў долараў, гэта больш чым год таму. Вырашаюцца надзённыя пытанні,  зіма не за гарамі. Ідзе нарыхтоўка кармоў, завяршаецца сяўба азімых. Для гэтых работ па краіне вызначаны дэдлайн  - 1 кастрычніка. А яшчэ ў рэгіёна з'явілася асобная праграма па развіцці вытворчасцяў на 5 гадоў. Ужо ў найбліжэйшы год рэальны сектар эканомікі Магілёўскай вобласці павінен зрабіць сур'ёзны крок наперад. Галоўны індыкатар  - рост заработнай платы.
Гэтая вытворчасць прыклад таго, калі да сярэдняй у тысячу засталося зусім нямнога. Каб павялічыць аб'ёмы выручкі,  такім чынам і заработную плату працаўніка, Магілёўскі лясгас узяўся за мадэрнізацыю лесапільнай вытворчасці. У маі тут пачала працаваць новая лінія. Ідзе паглыбленая перапрацоўка, расце экспарт у Еўропу і Кітай. 

Асобная ўвага Прэзідэнта і да паўднёвага ўсходу вобласці. У сярэдзіне жніўня, прыехаўшы туды паглядзець, як развіваецца менавіта гэтая частка рэгіёна, Кіраўнік дзяржавы паабяцаў гістарычнае перараджэнне зямель. Вырашана, што кантроль любога праекта будзе ісці з вышэйшага ўзроўню, таму такой лагічнай здаецца сённяшняя сустрэча. Галоўнае, каб людзі не толькі заўважылі пераўтварэнне края, які ў свой час пацярпеў ад чарнобыльскай аварыі, але адчулі перамены ў эканамічным плане. Менавіта для гэтага падрыхтаваны абноўлены праект указа. 

Леанід Заяц, старшыня Магілёўскага аблвыканкама: "Падрыхтаваны ўсе нарматыўныя прававыя дакументы, вызначаны параметры, задачы, якія павінны быць рэалізаваныя ў гэтым рэгіёне па 2025 год. Прадугледжваецца будаўніцтва новых вытворчасцяў, пашырэнне дзеючых прадпрыемстваў, павелічэнне вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі з выхадам на канкрэтныя эканамічныя паказчыкі, якія б забяспечылі ўзняцце матэрыяльнага дабрабыту жыхароў гэтых тэрыторый". 

Новая праграма для вытворчасцяў рэгіёна, яшчэ адна для паўднёвага ўсходу  - ужо добры старт. Галоўнае, каб задуманае на паперы ўвасобілася ў жыццё і людзі ўбачылі той самы эфект у выглядзе росту зарплат, новых рабочых месцаў, развіцця інфраструктуры. Словам, распрацоўваючы комплексную стратэгію для Магілёўскай вобласці, улічваючы каласальны вопыт, у цяперашніх памочніка і губернатара  проста няма права на памылку.