Экалагічная дзяржпалітыка на прынцыпах зялёнай эканомікі

4 февраля 2016

Мінпрыроды прапанавала перагледзець падыходы да фарміравання галіновых дзяржпраграм з улікам міжнародных прынцыпаў вытворчасці. У іх аснове так званыя чыстыя або "зялёныя" тэхналогіі. Яны накіраваныя на рацыянальнае выкарыстанне невычарпальных рэсурсаў, а таксама эканомнае спажыванне тых багаццяў, якія ў прыродзе абмежаваныя. Прыкладам такой экалагічнай палітыкі стала барысаўскае прадпрыемства па выпуску экапаперы з другсыравіны. Аналагічную схему вытворчасці возьмуць у аснову і для іншых праектаў у краіне.

Ія Малкін, першы намміністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі: "Мы будзем дапрацоўваць гэты праект і спадзяёмся, што ў рамках абсталявання, якое даўсталюем сёлета, гэтая папера атрымае больш высокую якасць і зможа быць адаптаваная да тых прынтараў, якія на сёння выкарыстоўваюцца ў нас у офісах. Другое - гэта праца з брэсцкімі камунальнымі службамі. Брэсцкі камунальнік, пачынаючы з гэтага года, будзе ўсталёўваць новае абсталяванне па перапрацоўцы тых дрэўных адыходаў, якія сёння збіраюцца на вуліцах разам са смеццем, з наступнай перапрацоўкай яго на альтэрнатыўныя віды паліва".

Акрамя таго, Мінпрыроды плануе сёлета зрабіць стаўку на экспарт паслуг. Акрамя турыстычных, у заяўцы ведамства і метэаінфармацыя. Размова аб аб'яднанні намаганняў з еўрапейскім рэгіёнам і актыўным абмене метэазвесткамі. Чакаецца, што сёлета на базе Рэспубліканскага гідраметцэнтра адкрыецца еўразійскі офіс Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.