Эфектыўнасць экспарту нафтапрадуктаў абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці

22 января 2020
Альтэрнатыўныя пастаўкі, рэзервы росту  і прагнозы сусветнага рынку. Эфектыўнасць экспарту нафтапрадуктаў напярэдадні абмеркавалі ў Палацы Незалежнасці. Зараз увесь нафтахімічны комплекс працуе ў няпростых умовах. Падатковы манеўр асноўнага пастаўшчыка сыравіны не пайшоў на карысць рэспубліканскаму бюджэту. Таксама і заводы, арыентаваныя на перапрацоўку,  адчуваюць розніцу. Каб узмацніць свае пазіцыі,  патрэбныя альтэрнатыўныя варыянты паставак. Чым больш апор,  тым лепш. Мэта - закупліваць на расійскім рынку 30-40 %  ад неабходных аб'ёмаў нафты. Ёсць практычна гатовыя кантракты. Кіраўнік Белнафтахіма па выніках нарады расказаў, што прапрацоўваюцца не толькі новыя патэнцыяльныя пастаўшчыкі, але і лагістыка. У той жа час Беларусь працягвае перамовы з Расіяй наконт паставак нафты. Таксама стала вядома, што прыпыненне экспарту нафтапрадуктаў з нашай краіны ўжо адменена.

Нагадаем, з пачатку года расійскія кампаніі  спынілі пастаўкі сыравіны на беларускія НПЗ. Прычынай сталі цэнавыя рознагалоссі. Яшчэ напрыканцы снежня Аляксандр Лукашэнка  даручыў заключыць альтэрнатыўныя кантракты  для бесперабойнай  працы беларускіх заводаў. Так, ужо сёння  ў літоўскі порт Клайпеда будзе пастаўлена партыя нарвежскай нафты. 80 тысяч тон сыравіны прызначаны для перапрацоўкі на наваполацкім "Нафтане".