Адзіны тарыф на электраэнергію для насельніцтва плануюць увесці ў наступным годзе

22 ноября 2018

Гэта будзе спрыяць яе максімальнаму выкарыстанню ў жылых дамах, паведаміў віцэ-прэм'ер падчас рэспубліканскага семінара па павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу. Па словах Уладзіміра Кухарава, пасля будаўніцтва БелАЭС у краіне будзе дастаткова сваёй электраэнергіі. Яе можна будзе танна пастаўляць у любых аб'ёмах.

Уладзімір Кухараў, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі:

"Працуем з Міністэрствам энергетыкі па тарыфах на электраэнергію. Мы выдатна разумеем, што галоўным стымулам будзе тарыф, які складзе канкурэнцыю тарыфам на ацяпленне. Прапрацоўкі ёсць. У найбліжэйшы час прыйдзем да тарыфаў, якія будуць паніжаны як у начны час на ацяпленне, так і для дамоў, дзе будзе ўсталявана электрычнае ацяпленне".

Пераход ад газу і максімальнае выкарыстанне электрычнай энергіі паўплывае на цану жылых дамоў. Будзе менш выдаткаў на інфраструктуру, адпаведна прагназуюць паніжэнне цаны за квадратны метр. Акрамя таго, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ініцыіруе адмову ад аўкцыёнаў, калі размова ідзе наконт індывідуальнай жылой забудовы. Прапаноўваюць увесці механізм долевага будаўніцтва.