ЕБРР прадставіць новую стратэгію для Беларусі ў 2020 годзе

4 декабря 2019
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця  прыступае да распрацоўкі новай стратэгіі для Беларусі. Эксперты ЕБРР прыедуць  у нашу краіну ўжо на наступным тыдні. Дакумент вызначыць ключавыя прынцыпы партнёрства. Напрыклад, апошняя стратэгія ўключыла ў партфель праектаў ЕБРР у Беларусі дзяржсектар: гэта адкрыла дарогу да еўрапейскіх інвестыцый у найважнейшыя для краіны інфраструктурныя і сацыяльныя праекты. Гэта дазволіла выйсці на рэкордныя для банка лічбы ўкладанняў у беларускую эканоміку. Па выніках года, яны перавысяць 400 мільёнаў еўра. Як адзначылі сёння ў Мінску прадстаўнікі банка, нават гэты аб'ём інвестыцый - не мяжа для партнёраў. 

Юрген Рыгтэрынк, першы віцэ-прэзідэнт ЕБРР: "Беларусь ужо ўпэўнена займае месца ў топ-10 краін па аб'ёмах інвестыцый. І мы верым, што і далей зможам нарошчваць гэты поспех. Тым больш, банк не прытрымваецца ніякіх лімітаў у аб'ёмах фінансавання праектаў з Беларуссю. Наша ўпэўненасць грунтуецца  на тым, што беларускі ўрад працягвае з намі палітычны дыялог і актыўна адгукаецца на ўсе нашы прапановы".

За 27 гадоў супрацоўніцтва агульны аб'ём інвестыцый банка ў беларускую эканоміку набліжаецца да 3 мільярдаў еўра. За гэтыя гады партнёраў аб'ядналі больш за 120  праектаў у розных сферах - ад падтрымкі прадпрымальнікаў да рэканструкцыі аўтатрас, цеплавой мадэрнізацыі і перапрацоўкі адходаў.