ЕАЭС без бар'ераў, вынятак і абмежаванняў у гандлі - пазіцыя Беларусі па стварэнні агульнага рынку

2 февраля 2018

ЕАЭС без бар'ераў, вынятак і абмежаванняў у гандлі. Гэтая пазіцыя Беларусі па стварэнні агульнага рынку агучана сёння ў Алматы.

Там прайшоў Еўразійскі міжурадавы Савет з удзелам нашай дэлегацыі на чале з прэм'ерам Кабяковым. Асаблівую ўвагу звярнулі на выкананне ў тэрмін усіх агучаных раней дамоўленасцяў. Напрыклад, да 2025 стварыць агульны рынак нафты і газу. Рухацца да яго трэба паступова ўжо зараз. І гэта як адзін з элементаў далейшых перспектыў эканамічнай інтэграцыі. Пра гэта гаварылі на пасяджэнні ў пашыраным складзе.

А ў вузкім складзе прэм'еры Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі і Кыргызстана абмеркавалі прагнозы развіцця АПК, сітуацыю на рынку харчавання, у прыватнасці, цукру. Гаварылі і пра маркіроўку тавараў на тэрыторыі ЕАЭС, выступаючы за легальную вытворчасць без кантрафакта. Прасоўванне інавацый абмеркавалі сёння на форуме "Лічбавы парадак дня ў эпоху глабалізацыі". Аб кроках Беларусі ў гэтым кірунку распавёў Андрэй Кабякоў, адзначыўшы, што ў нашай краіне ствараюцца максімальна прывабныя ўмовы для працы IT-кампаній, легалізаваныя і вызваленыя ад падаткаў усе бізнесы на аснове тэхналогіі блокчэйн. Беларусь вызначыла лічбавую трансфармацыю прыярытэтам нацыянальнага развіцця і замацавала яго Дэкрэтам аб развіцці лічбавай эканомікі.

Таксама ў Алматы прайшлі сёння і двухбаковыя сустрэчы. Перспектывы беларуска-расійскага супрацоўніцтва абмеркавалі прэм'еры дзвюх краін. Як адзначыў Андрэй Кабякоў, мінулы год паказаў добрую дынаміку. Пры гэтым ёсць патэнцыял для яе росту. Галоўнае - своечасова абмяркоўваць наяўныя пытанні. Гатоўнасць да дыялогу пацвердзіў і расійскі калега Дзмітрый Мядзведзеў. Аб гандлі, павелічэнні тавараабароту ішла размова сёння на сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Арменіі ў фармаце сам-насам.