Дуб пачнуць штучна вырошчваць у Беларусі

26 сентября 2020
Маладыя дрэвы папоўняць зялёныя багацці краіны. Ад насення да саджанцаў елкі, хвоі і іншыя расліны вырошчваюць у Івацэвіцкім лясгасе. Там працуе цэлы комплекс па вырошчванні беларускіх дрэў. Марыя Тройніч пабывала на лясных плантацыях.

Вялізны беларускі лес у мініяцюры: на адной пляцоўцы - мільёны жывых дрэў. Комплекс па вырошчванні пасадачнага матэрыялу ў Івацэвіцкім лясгасе адкрылі два гады таму першымі ў краіне. Зялёнае багацце Беларусі папаўняюць толькі абарыгеннымі відамі дрэў: хвоямі, елкамі і алешынамі. Насенне для будучых саджанцаў тут нарыхтоўваюць самі.

Каб насенне не сапсавалася, яго захоўваюць у спецыяльных халадзільных камерах пры тэмпературы -2 градусы. Прарастаць яно будзе ў цяпліцах. А калі сеянцы памацнеюць, іх перанясуць на вуліцу.

На адкрытых пляцоўках елкі і хвоі паліваюць два разы на дзень. Вада ў рэзервуарах абавязкова цёплая. Каб дрэвы раслі хутчэй.

Сістэма аўтаматызаваная. Хуткасць і інтэнсіўнасць палівання можна наладзіць. Усяго ў гадавальніку зараз растуць 2 400 000 сеянцаў. Патэнцыял зялёнай плантацыі вялізны: у будучыні з гэтых маладых дрэў вырасце шэсцьсот гектараў лесу. Паводле слоў спецыялістаў, у цяплічных саджанцаў стапрацэнтная прыжывальнасць.

А хутка ў штучных умовах паспрабуюць вырасціць і дуб. Насенне ўжо гатовае да пасадкі, так што першыя саджанцы зазелянеюць летам.