Дасягнутыя ў Санкт-Пецярбургу дамоўленасці па нафце і газу поўнасцю выконваюцца

27 апреля 2017

Дамоўленасці па нафце і газу, дасягнутыя на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, поўнасцю выконваюцца. Гэта сёння ў Маскве заявіў журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі. Уладзімір Сямашка нагадаў, што кіраўнікі дзяржаў далі ўрадам дзвюх краін жорсткі 10-дзённы тэрмін для поўнага ўрэгулявання сітуацыі ў нафтагазавай сферы. 13 красавіка бакамі былі падпісаныя ўсе неабходныя дакументы.

Уладзімір Сямашка, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Што гэтыя дакументы далі? Па-першае, мы аднавілі аб'ём паставак нафты - 24 млн тон за год. Па нафце адносіны адрэгуляваныя да 2024 года ўключна. З нас знята нявыгаднае для нас абавязацельства пастаўляць у Расію 1 млн тон высокаактанавага паліва. Усе пастаўкі нафты будуць ісці толькі трубаправодам. Гэта выгадна, паколькі чыгуначныя пастаўкі нерэнтабельныя. Па газу ўзаемаадносіны адрэгулявалі да 2019 года ўключна".

Да канца мая павінны быць выпрацаваныя ўмовы для фарміравання адзінага рынку газу. Дакумент будзе аддадзены на разгляд калегам па ЕАЭС, Арменіі, Казахстане і Кыргызстане.