Доля імпарту спажывецкіх тавараў будзе скарочаная

20 декабря 2013

Доля імпарту спажывецкіх тавараў у наступным годзе будзе скарочаная


Урад мае намер у 2014 годзе скараціць долю імпарту спажывецкіх тавараў. Гэта заявіў сёння намеснік Прэм'ер-міністра краіны Пётр Пракаповіч, адказваючы на пытанні парламентарыяў падчас сумеснага пасяджэння абедзвюх палат парламента. Сёння ўсе пытанні ад дэпутатаў і сенатараў датычыліся эканомікі. Як яна будзе развівацца ў новым годзе з улікам прынятага бюджэту? На чым будуць зробленыя акцэнты? Віцэ-прэм'ер падкрэсліў важнасць павышэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на ўнутраным рынку. У дачыненні да гэтага прымаецца шэраг мераў, у тым ліку па паляпшэнні якасці тавараў.


Пытанняў ад парламентарыяў было шмат. Адно з іх датычылася перакрыжаванага субсідзіравання эканомікі. На думку віцэ-прэм'ера, альтэрнатыўныя шляхі вырашэння праблемы плануецца знайсці вясной 2014 года. Размова пра тое, што прадпрыемствы сёлета заплацілі прыкладна 13 трыльёнаў рублёў за насельніцтва за электраэнергію, газ і цяпло. Гэта цяжкі груз, які ўплывае на сабекошт прадукцыі і канкурэнтаздольнасць тавараў.