Да канца тыдня ў Беларусі завершыцца сяўба ранніх яравых культур

13 апреля 2015

Збожжавымі ўжо  ахоплена 78% плошчаў. Перавыканалі план брэсцкія аграрыі. Цалкам завяршылі кампанію хлебаробы Гомельскага рэгіёна. Усяго 10% плошчаў засталося засеяць у  Гродзенскай і Мінскай абласцях. Актыўна вядуцца работы і ў Віцебскім рэгіёне.

Тым часам Гомельская і Брэсцкая вобласці ўжо рыхтуюцца да пасадкі цукровых буракоў, бульбы і рапсу. Дарэчы, апошняя культура, пасеяная восенню, дрэнна перанесла зіму. Гібель перавысіла 190 тысяч гектар. І зараз аграрыям прыйдзецца папаўняць страты яравым рапсам. Насення ўсіх культур у гаспадарках закуплена ў дастатковай колькасці. Шматлікія пазіцыі - на 100% беларуская сыравіна. Прысутнічаюць і імпартныя ўзоры, у асноўным іх закупляюць для аптымізацыі айчыннага насення.

Сёлета таксама плануецца павялічыць плошчы шматгадовай травы і давесці іх да мільёна гектар. Для гэтых мэт будуць скарачаць пасевы кукурузы. Аграрыі хочуць атрымаць роўныя суадносіны сіласу і сенажу пры нарыхтоўцы кармоў.