Да 70% малочнай прадукцыі са Слуцка адпраўляюць на замежныя прылаўкі

29 октября 2020
110 тон сухіх малочных прадуктаў, 70 тон масла і столькі ж сыру кожныя суткі выпускаюць у Слуцку. Сыраробны камбінат закрывае патрэбы мясцовага рынку, а таксама арыентаваны на экспарт. Амаль 70% усіх малочных тавараў адпраўляюць на замежныя прылаўкі. 
Але тысячам кіламетраў адгрузкі прадукцыі заўсёды папярэднічае доўгі шлях па Мінскай вобласці. Маршрут ад поля да завода - у Алены Вітко.

На гэтым участку ў 150 гектараў багаты ўраджай кукурузы. Залатыя пачаткі ледзь умяшчаюць "бурштынавае зерне". Цяжэюць і засекі. Зараз культуру ў гаспадарцы ўбіраюць на зерне, сілас і карнаж. Дарэчы, гэты від корму толькі асвойваюць. Адным з першых пра тэхналогію даведваецца механізатар Аляксандр Пратасеня. Працуе амаль 10 гадоў, але новыя веды - кожны сезон.

Усяго ў сельгасфіліяле Слуцкага сыраробнага камбіната пад кукурузу адвялі 2,5 тысячы гектараў. 600 з іх - на зерне. Ураджайнасць вышэйшая за леташнюю: звыш 110 цэнтнераў з гектара.

Ад кармоў залежыць і якасць малака

А ад яго - дзейнасць і эканоміка ўсяго філіяла. Так, малочна-таварны комплекс "Ванькоўшчына", а яму каля 10 гадоў, толькі пашыраецца. Зараз будуюць цялятнік. Пакуль маладняк  расце і рыхтуецца да пераезду ў новыя апартаменты. Усяго ж у комплексе - больш за тысячу кароў.
За ўласцівасцямі малака сочаць на кожным этапе. І калі на комплексе гэта выніковы прадукт, на Слуцкім сыраробным камбінаце белыя рэкі ператвараюцца ў сыравіну. Лабараторныя пробы - 10 хвілін. А перапрацоўка - толькі пасля "знака якасці". 

Сухое малако, масла і сыры адпраўляюцца ў 22 краіны свету

Асноўныя партнёры - Расія і Кітай. Але геаграфія паставак пашыраецца штогод. Сёлета гэта Філіпіны, Саудаўская Аравія, Бангладэш.