Для запуску завода у Добрушы не хапіла $83 млн. Якім будзе вердыкт Прэзідэнта

9 февраля 2020
Мастацтва працаваць у адной камандзе, гэтак жа, як і лічыць і зарабляць грошы - тое, чаму трэба вучыцца заўсёды. Тым больш  у дзяржаўных маштабах. Ужо не першы год наша краіна трымае курс на імпартазамяшчэнне. Беларусь эканоміць мільёны долараў, вырабляючы свае лекі, аўтамабілі, запчасткі. Мы самадастатковыя ў вытворчасці прадуктаў харчавання. Сёння гэты спіс можна доўга працягваць. Хоць і сфер, дзе замежная прадукцыя дамінуе, усё яшчэ нямала. Мы ўсё гэта бачым, калі шукаем тавары ў буйных магазінах або на рынку. Дарэчы, на сайтах профільных ведамстваў размешчаны пералік новай імпартазамяшчальнай прадукцыі, у якой у першую чаргу  мае патрэбу краіна. Гэта значыць існуе свайго роду шпаргалка для інвестараў, у што ўкласціся. 

Ці можа Беларусь поўнасцю адмовіцца ад імпарту? Гэта вельмі складана і не заўсёды эканамічна мэтазгодна. 

Хаця, як правіла, купляючы той ці іншы тавар і гледзячы на краіну вытворчасці, нашы людзі часта паціскаюць плячамі: маўляў,  няўжо ў нас зрабіць нельга. 

Не ўсё так проста. Часам прасцей закупіць, чым будаваць завод і вырабляць самім - напрыклад, калі акупнасці праекта не дачакацца і ў доўгатэрміновай перспектыве. Але часта  рашэнне стварыць сваё, беларускае, сапраўды апраўданае. Інавацыйныя вытворчасці не проста эканомяць валюту для краіны, яны яе зарабляюць, выходзячы на знешнія рынкі. Увогуле, важна ўзважыць усе за і супраць.

У Добрушы 8 гадоў таму ўважліва пралічылі ўсе выдаткі, намаганні, рызыкі перш чым пачалі будаўніцтва новага комплексу на папяровай фабрыцы. Здавалася б, усё прадугледзелі, акрамя аднаго. Інвестар падвёў. Але ад гэтага ніхто не застрахаваны. І прадбачыць такое таксама практычна немагчыма. Для завяршэння праекта не хапае 83 млн долараў. Сума немалая, без рашэння на вышэйшым узроўні не абысціся. 

Каб аб’явіць свой вердыкт, якая ж будучыня чакае закансерваваны аб'ект,  туды прыехаў Кіраўнік дзяржавы. Такія важныя для краіны рашэнні ўсляпую не прымаюцца. Дык чым завяршылася рабочая паездка Прэзідэнта ў Гомельскую вобласць? Вераніка Бута прадоўжыць. 

Літаральна дзесяць гадоў  таму ніхто і не меркаваў, што гэтыя адходы вытворчасці неўзабаве будуць прыносіць добрыя грошы і стануць сыравінай  для інавацыйнага прадпрыемства. Сыроватку (пабочны прадукт малаказаводаў) злівалі ў каналізацыю, у лепшым выпадку адпраўлялі на корм  жывёле, адначасова толькі ў Францыі закупліваючы да тысячы тон сыравіны за месяц. 

З нядаўніх пор на новым заводзе ў Шчучыне на аснове ўжо свайго "малочнага смецця" (якое, дарэчы, скупліваюць па ўсёй краіне) робяць спецыяльныя канцэнтраты для ёгуртаў, плаўленых сыроў, каш і нават цукерак. Гэта незаменны інгрэдыент у харчовай і кармавой прамысловасці.

Увесь працэс вытворчасці тут аўтаномны. Умяшанне чалавека поўнасцю выключана. Больш за тое, сыравіна пасля запампоўкі ў танкеры і да выхаду канчатковага прадукту наогул не кантактуе  з паветрам. Рэцэптура  унікальная, таму яе трымаюць у сакрэце. 

Сёння гэта найбуйнейшы ў Беларусі, ды і ў краінах Усходняй Еўропы вытворца інавацыйнага канцэнтрату. Пабудавана, што называецца, у чыстым полі з нуля. Прадпрыемству спатрэбіліся ўсяго 2 гады, каб гучна заявіць аб сабе не толькі на ўнутраным рынку, а знайсці свайго спажыўца і за мяжой. Гэта валюта як для краіны, так і для вобласці. У найбліжэйшых планах - даабсталяваць лініі і пачаць вытворчасць мяккіх сыроў.

У гэтай новай эканоміцы фокус на чалавека. Амаль дзве сотні высокапрадукцыйных рабочых месцаў, адна з самых высокіх зарплат у рэгіёне, годны сацпакет. Тое, што ўдалося зрабіць шчучынскаму прадпрыемству,  спецыялісты называюць няйначай як эканамічным і тэхналагічным цудам. Маладая кампанія ўдыхнула жыццё ў рэгіён. На такі ж цуд разлічваюць ужо некалькі гадоў і жыхары Добруша. 

Мясцовая папяровая фабрыка - адно з найстарэйшых прадпрыемстваў галіны. "Герой працы" ў прамым сэнсе гераічна дае працу практычна тысячы супрацоўнікаў. Сёлета адзначыць 150-годдзе. Вядома, трэба ісці ў нагу з часам. А таму восем гадоў таму тут пачалі будаваць завод па вытворчасці мелаванага і немелаванага трохслойнага  кардону. Прадукт інавацыйны. Ды і на тэрыторыі былога Саюза не вырабляецца. Перспектыўна?  Дзіва што. Па-першае, краіна штогод  траціць  каля  100 млн долараў на набыццё гэтага тавару за мяжой. Але можам не проста добра  сэканоміць, а яшчэ і  добра зарабіць. 

Завод гатовы прыкладна на 95 %, аднак праект прыйшлося замарозіць. Не пашанцавала з інвестарам. Падрадчыкі сарвалі ўсе тэрміны, кантракт скасавалі. У выніку для запуску завода не хапіла $83 млн. 

Вырашыць лёс комплексу ў пачатку тыдня прыехаў Кіраўнік дзяржавы. Рабочая паездка ў Добруш не стала ні для каго нечаканасцю. Гэта лагічны працяг прэзідэнцкага маршруту па праблемных інвестпраектах, анансаваных яшчэ ў снежні. Тыдзень  таму сустракаліся ў Шклове - з папяровым заводам разабраліся. Надзея з'явілася і на добрушскім прадпрыемстве. На чаргзе Светлагорскі ЦКК. Два апошнія, дарэчы,-  справа рук кітайскіх інвестараў. Надзейнымі партнёрамі ў гэтых праектах яны сябе, на жаль, не зарэкамендавалі. 

Аляксандр Лукашэнка ўнікае ў тэхналагічны працэс амбіцыйнага праекта. Мелаваны кардон карыстаецца вялікай папулярнасцю. Попыт вялізны ў кандытарскай галіны, фармакалогіі, б’юці-індустрыі. Тое, што на ім друкуюць, - гэта па сутнасці твар тавару. І атрымліваецца: прадукт знутры наш, а вось вокладка чужая. Прэзідэнт паўтарае залатое правіла:  рухацца ў напрамку імпартазамяшчэння. 

І крыху пазней мясцоваму журналісту Аляксандр Лукашэнка скажа: наконт лёсу прадпрыемства жыхарам Добруша можна не хвалявацца. Заводу быць, прычым вельмі хутка. Дарэчы, запуск вытворчасці - гэта плюс каля  200 новых рабочых месцаў. 

Добруш яшчэ часта  называюць фарфоравым гарадком дзякуючы адзінай у рэспубліцы вытворчасці фарфоравага  посуду. І лагічна, што Аляксандр Лукашэнка, калі быў тут, абавязкова зазірнуў і на гэтае прадпрыемства. Незапланаваны прыпынак, але пасля камандзіроўкі ў Шклоў увесь рэгіён быў у рэжыме чакання. І нездарма. 

Завод імкнецца ісці ў нагу з часам, заўсёды ў стадыі пераабсталявання,  пастаянна  абнаўляюць лініі. Выгляд прадпрыемства, вядома, не адпавядае, гэтым зоймуцца. У цэлым перспектывы тут зусім не крохкія. Даручэнне ўраду - вытворчасць захаваць, калі трэба  - падставіць плячо. Тут і імідж краіны, і лёс каля тысячы беларусаў. Ізноў Кіраўнік дзяржавы паабяцаў прыехаць у горад ужо ў верасні. Відавочна, у двух горадаўтваральных прадпрыемстваў будучыня  ёсць.