Дыялог і партнёрства

18 октября 2017

Народы ўсяго свету павінны адмовіцца ад менталітэту халоднай вайны. Гэта заявіў Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі на адкрыцці XIX з'езда Кампартыі Кітая. Сі Цзіньпін падкрэсліў неабходнасць у новых падыходах да міжнародных адносін, "што зыходзяць з дыялогу і партнёрства, а не канфрантацыі".

Сі Цзіньпін, Старшыня КНР: "Мы заклікаем народы ўсіх краін агульнымі намаганнямі будаваць супольнасць адзінага лёсу чалавецтва. Мы павінны паважаць адно аднаго, праводзіць раўнапраўныя кансультацыі, з цвёрдай рашучасцю адмовіцца ад менталітэту халоднай вайны і палітыкі сілы. Спрэчкі і рознагалоссі павінны вырашацца шляхам дыялогу і кансультацый".

У верасні з прапановай паставіць кропку ў халоднай вайне з высокай трыбуны ААН выступала і Беларусь. На Генасамблеі Арганізацыі ў Нью-Ёрку кіраўнік МЗС нашай краіны нагадаў аб ініцыятыве Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі правесці перамовы, аналагічныя Хельсінкскаму працэсу 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Уладзімір Макей прапанаваў ключавым гульцам - Кітаю, Расіі, ЗША і краінам ЕС - сабрацца ў Мінску, каб пачаць дыялог аб стратэгічным бачанні новых канструктыўных міжнародных адносін.

Эксперты лічаць, што адзін з галоўных фактараў, які можа спрыяць зніжэнню напружанасці паміж дзяржавамі планеты, - гэта больш цесная эканамічная інтэграцыя. У якасці прыкладу можна прывесці праект "Эканамічны пояс Шаўковага шляху", які рэалізуе Кітай.

Наша краіна - стратэгічны пункт у поясе. У цэлым жа напрамак Кітай - Еўропа - Кітай з беларускім транзітным і лагістычным участкам, а таксама індустрыяльным паркам "Вялікі камень", сёння найбольш дынамічна развіваецца і з'яўляецца эканамічна прывабным для транспартнага бізнесу.

За 25 гадоў дыпадносін тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем вырас амаль у сто разоў. Зараз гэты паказчык перавышае тры з паловай мільярды долараў. Беларусь рэалізуе больш за 30 інвестпраектаў, якія фінансуюцца крэдытамі кітайскіх банкаў і ўрада. Агульная сума - каля 6 мільярдаў долараў.