Дзевяць дзяржпраграм за мінулы год прызнаныя высокаэфектыўнымі

22 мая 2018

Лідар - машынабудаванне. Аб гэтым заявілі сёння на Прэзідыуме Савета Мінстраў. Ва ўрадзе плануюць у будучыні пераразмяркоўваць выдзеленыя грошы ў карысць найбольш дзейсных заказчыкаў дзяржпраграм. Добрая падтрымка і трохгадовае бюджэтнае планаванне - на перспектыву відаць, хто і колькі сродкаў атрымае на гады наперад. Паралельна зніжаецца і аб'ём дырэктыўнага крэдытавання. За тры гады ў чатыры разы. І па выніках цяперашняга будзе менш як працэнт ВУП. Гэта значыць, націску на рынак працэнтных банкаўскіх ставак не будзе. На асаблівым рахунку дзве дзяржпраграмы - інавацыйнае развіццё і развіццё малога і сярэдняга бізнесу.

Дзмітрый Круты, першы намеснік міністра эканомікі Беларусі: "На гэтыя дзве праграмы на сярэднетэрміновым гарызонце да 2020 года ў нас асаблівая стаўка: яны павінны змяніць твар беларускай эканомікі і падштурхнуць нас да вырашэння той задачы, якую паставіў Кіраўнік дзяржавы - 100 мільярдаў долараў ВУП у 2025 годзе. Па праграме інавацыйнага развіцця прадугледжана рэалізацыя больш як 75 праектаў, якія павінны забяспечыць стварэнне 9 тысяч рабочых месцаў са сярэднееўрапейскім узроўнем прадукцыйнасці працы. І другая праграма - малога бізнесу - наша задача да 40 працэнтаў ад ВУП з 28 павялічыць долю гэтага сегмента ў эканоміцы".

Шмат пытанняў застаецца па праграме развіцця і ўтрымання аўтадарог. Заданне адрамантаваць за тры гады не менш як сем тысяч кіламетраў мясцовых выканана толькі на 20 працэнтаў. Па праграме "Камфортнае жыллё" не выкананая траціна паказчыкаў пры цалкам патрачаных грошах.