Дэпутаты рыхтуюцца да сесіі. Эканамічны блок пытанняў будзе прыярытэтным

9 августа 2018

Змяненні ў Працоўным і Жыллёвым кодэксах, а таксама новы законапраект аб арганічнай прадукцыі. У Мінску дэпутаты сёння абмеркавалі парадак дня 5 сесіі Палаты прадстаўнікоў. Зараз у ніжняй палаце парламента знаходзіцца 36 законапраектаў. Хутка на разгляд паступіць і праект новага Падатковага кодэкса. Акрамя таго, на сесіі разгледзяць 5 дакументаў, якія тычацца эканомікі, інвестыцый і экалогіі. 20 законапраектаў знаходзяцца ў другім чытанні, іх прымуць ужо на восеньскай сесіі.

Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

"Наша насельніцтва павінна адчуць аддачу ўжо сёлета. Ёсць цэлы блок дастаткова складаных законапраектаў, напрыклад, Жыллёвы кодэкс, куды будзем уносіць чарговы раз змяненні, Працоўны кодэкс. Гэта тыя нарматыўныя дакументы, якія тычацца ўсяго насельніцтва краіны. Мы вельмі шмат увагі надаем выязным пасяджэнням. Нам важна сувымяраць пазіцыю выбаршчыкаў, пазіцыю насельніцтва, каб максімальна поўна ўлічыць іх жаданні і патрабаванні".

Таксама дэпутаты разглядаюць пытанні аб інвестыцыйнай і турыстычнай прывабнасці нашай краіны. Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Беларусі Баляслаў Пірштук адзначыў, што турызм можа стаць добрым артыкулам прыбыткаў у бюджэт краіны. Асабліва зараз пасля паслаблення візавага рэжыму.